У Мінску з’явіцца “Пачатак кніжных дарог Беларусі”

24 траўня, у дзень славянскай пісьмовасці, на ганку кнігарні “логвінаЎ” а 16-й гадзіне будзе ўрачыста закладзены “Пачатак кніжных дарог Беларусі”. “Нулявы кніжны кіламетр” уяўляе сабой невялікае намаляванае кола. У кола ўпісаныя сляды, на якія — каб адчуць сваю далучанасць да кнігаробства і кнігалюбства — можа стаць кожны ахвочы.

— Каб выдаць ці напісаць добрую кнігу, высвятляецца, што трэба як след павандраваць, — кажа арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” Павал Касцюкевіч. — Успомнім Скарыну, які выправіўся ажно ў Прагу, адно каб змагчы выдаць “Псалтыр”, або Быкава, які абабіў безліч франтавых дарог, перш чым напісаў свае шчымлівыя творы. Кніга — заўсёды падарожжа, фізічнае і разумовае, і мы, у выдавецтве “Логвінаў”, вырашылі акрэсліць яго сімвалічны пачатак.

Цікава, што ў адрозненне ад традыцыйных “нулявых кіламетраў”, у кніжным пачатку каардынатаў Беларусі адлегласць будзе пазначацца не да гарадоў свету, а да месца жыхарства выбітных літаратараў, сусветных і беларускіх (Гамэра, Дантэ, Скарыны, Караткевіча). А вось адлегласць да пісьменнікаў, якія жывуць у Мінску, будзе паказаная ў кроках ды іншых мінскіх вымярэннях (коштах таксоўкі, прыпынках метро).

lohvinau.livejournal.com