У Нясвіж на месяц вярнулася бібліятэка Радзівілаў

Пра гэта БЕЛТА паведаміў загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Стэфановіч.

Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 90 выданняў па гісторыі, тэалогіі, праве, філасфіі, творы мастацкай літаратуры, перыёдыка. Гэта цікавыя экзэмпляры са збору Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН, Прэзідэнцкай бібліятэкі.

У апошняй захоўваецца больш за сто кніг з бібліятэкі Радзівілаў, у Нацыянальнай бібліятэцы — каля 500 выданняў, у бібліятэцы Акадэміі навук — амаль 3,5 тысячы, сказаў Аляксандр Стэфановіч.

Сярод экспанатаў ёсць выданні пра сам магнацкі род, такія як «Галерэя партрэтаў Радзівілаў» (1857) Эдварда Катлубая, і творы, аўтарамі якіх з'яўляюцца самі прадстаўнікі Радзівілаў, напрыклад «Перэгрынацыя …» (1628) Мікалая Радзівіла Сіроткі.

12 красавіка адбылася прэзентацыя каталога «Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі XVII ст.». Выданне працягвае заснаваную ў 2010 годзе серыю каталогаў, якія адлюстроўваюць склад некалі найбуйнейшай прыватнаўласніцкай бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў XV — першай паловы XX стагоддзя.

Гісторыя фарміравання Нясвіжскай бібліятэкі ідзе каранямі ў XVI стагоддзе. Цяпер яе часткі знаходзяцца ў бібліятэках Расіі, Фінляндыі, Польшчы, Літвы й Беларусі. З 2009 года архівы Радзівілаў і Нясвіжскай калекцыі кніг уключаны ў рэгістр ЮНЭСКА «Памяць свету».

Выстава ў Нясвіжы будзе доўжыцца месяц.

svaboda.org