У Нью-Ёрку прэзентавалі альманах “Беларус”

Прэзэнтацыя апошняга нумару літаратурнага альманаху беларускіх пісьменьнікаў замежжа “Беларус” за 2011 год адбылася на чарговым лістападаўскім сходзе арганізацыі былога аддзелу БАЗА ў Нью-Ёрку, што па традыцыі прайшоў у Доме Маракоў на Мангэтане 12 лістапада.

 

Вёў імпрэзу заснавальнік і выдавец альманаху Марат Клакоцкі. У сваёй нядоўгай прамове ён распавёў удзельнікам сходу аб тым, калі і як узьнікла ідэя падобнага выданьня, і як яна была рэалізаваная ў жыцьцё. Прамоўца нагадаў крытэры, па якіх падбіраюцца аўтары і творы для альманаху, а таксама аб тым, на якія сродкі гэтае выданьне пабачыла вось ужо пяты нумар.

 

Пяць гадоў – немалы тэрмін для штогадовіка, і мала хто верыў у 2007 годзе, што справа гэтая ня спыніцца пасьля аднаго-двух нумароў. За гэтыя гады склалася і пэўная традыцыя правядзеньня самой прэзэнтацыі, на якую запрашаюцца ўсе аўтары, чые творы былі надрукаваныя ў альманаху.

 

Безумоўна, далёка ня кожны літаратар можа дазволіць сабе вандроўку ў Нью-Ёрк, хай сабе і на такую важную імпрэзу. Асабліва калі ўлічыць, што свае творы для друку ў “Беларусе” даслалі 19 аўтараў зь 10 краінаў сьвету. Сёлета прэзэнтацыю ў Нью-Ёрку змаглі наведаць чатыры зь іх: Віталь Зайка, Уладыка Юры (Рыжы), Сяржук Сокалаў-Воюш і Валянціна Якімовіч. Кожны з аўтараў меў магчымасьць распавесьці зацікаўленым слухачам аб сваіх творах, гісторыі іх стварэньня. Усе зь іх таксама сыходзіліся ў думцы, што выданьне трэба абавязкова працягваць у будучым. Уладыка Юры падкрэсьліў важнасьць літаратурнага альманаху, як праяву актыўнасьці і неабыякавасьці нашых суродзічаў, што апынуліся на чужыне.

 

Прысутныя на імпрэзе мелі магчымасьць задаць выдаўцу і аўтарам пытаньні, атрымаць на іх адказы, а таксама набыць асобнік альманаха з аўтографамі пісьменьнікаў.

 

Жадаючых набыць новае выданьне выстраілася цэлая чарга, што яшчэ раз засьведчыла ягоную папулярнасьць і ўмацавала надзею на тое, што “Беларус” за 2012 год таксама пабачыць сьвет. 

 

Паводле e-krama.com