У Пінску прэзентавалі новы пераклад Рышарда Капусцінскага
Пераклад зрабіў пінчук Яўген Салейчук, які за сваю працу нядаўна атрымаў прэстыжную прэмію ZAIKS. Яўген пагадзіўся адказаць на пытанні "Медыя-Палесся".
- Яўген, раскажы як ты пачаў перакладаць Капусцінскага?
- Нажаль, я не быў знаёмы з Рышардам Капусцінскім. Аднак я ведаў, што ў 1997 годзе ён прыязджаў у Пінск, і мае знаёмыя распавядалі пра гэта и пра тое, што ён вялікі журналіст. А я ўсё думаў: ну, як журналіст можа быць вялікім, тым больш з такім немілагучным прозвішчам. Потым даведаўся, што ён напісаў кнігу “Імперыя”, у якой першы раздзел быў прысвечаны Пінску. Мне прывезлі гэтую кнігу з Польшчы. І я пачаў чытаць яе. Шчыра сказаць, спачатку вельмі хваляваўся, бо ёсць меркаванне, што Капусцінскі піша даволі складана і не ўсе яго разумеюць. Аднак я літаральна “праглынуў” гэтую кнігу і іншыя. І ў мяне з’явілася ідэя перакласці раздзел пра Пінск, у якім Капусцінскі распавядае аб сваім дзяцінстве. Маім сябрам спадабаўся пераклад і яны сказалі, што варта працягваць.
- І колькі кніг ты пераклаў?
- Усяго выйшлі у свет тры маіх пераклады Капусцінскага, яшчэ ёсць некалькі ў шуфлядзе. Як пачынаў перакладаць, то ўвогуле не ведаў працэс, як выдаць кнігу, таму рабіў гэта для сябе, як хобі. Аднак так атрымалася, што выдавец сам мяне знайшоў і прапанаваў свае паслугі.
- Кажуць, што ты знайшоў памылку ў адной з кніг?
- Так. Справа ў тым, што ён памыліўся з назвай адной пінскай вуліцы (напісаў Бернардская замест Бернардынская). Каб гэта спраўдзіць, я адмыслова хадзіў у наш музей і пасля напісаў яму ліст. Капусцінскі пагадзіўся са мною. Так што беларускі пераклад “Імперыі” адзіны ў свеце, ў якім няма гэтай памылкі.
- У чым асаблівасць літаратурнага стылю Капусцінскага?
- Капусцінскі па адукацыі гісторык, таму ён па-свойму разумеў працэсы, якія адбываюцца ў свеце. Ён шмат падарожнічаў, быў у Азіі, СССР, Лацінскай Амерыцы, аднак яго зачаравала Афрыка. Капусцінскі пісаў у фармаце так званай літаратуры факта, ён не прыдумляў нічога і не пісаў, як звычайны журналіст, газетныя артыкулы. Ён прыязджаў на месца, пагружаўся ў асяроддзе, доўгі час жыў там, стасаваўся з мясцовымі людзьмі і апісваў свае адчуванні.
- Тое ж самае і ў кніге “Чорнае дрэва. Афрыканская ліхаманка”?
- Так, гэта ягоны погляд на незразумелы еўрапейцамі афрыканскі космас, дзе веліч дзікай прыроды спалучаецца з дзікунскім убоствам чалавечага жыцця. У кнізе апісваюцца крывавыя рэвалюцыі, голад, эпідэміі, карупцыя, галеча, расавыя забабоны. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, ў афрыканцаў ёсць непераадольная прага да жыцця.
Некалькі асобнікаў свайго перакладу Яўген Салейчук падараваў пінскай бібліятэцы
Васіль Мацкевіч, Медыя-Палессе