У Пінску ўшанавалі памяць Рышарда Капусцінскага
Капусцінскі ніколі не забываў Пінск, хоць і пакінуў яго сямігадовым хлапчуком, наведваў родныя мясціны і ўзгадваў у сваіх творах.
Рышард Капусцінскі, фота history.museum.by
Для прадстаўнікоў грамадскасці гораду і польскай супольнасці ўжо стала традыцыяй у пачатку сакавіка адзначаць угодкі знанага земляка. Сёлета адбылася імша ў пінскім касцёле і ахвотныя наведалі дом, дзе нарадзіўся журналіст.
Старшыня Пінскага таварыства “сібіракаў” Хэлена Шаламіцкая асабіста знала Рышарда Капусцінскага, дапамагала збіраць матэрыялы пра даваенны Пінск. Яна ўзгадвае, як упершыню сутыкнулася з Капусцінскімі:
- У нашай сям’і прозвішча Капусцінскі з дзяцінства было вядомае. Мне было 4 гады, як мая старэйшая сястра пайшла ў першы клас. Гэта быў 1931 год. І мама пана Рышарда была настаўніцай маёй сястры. Пасля вайны я была ў Варшаве і ў тэлевізіі пабачыла, як рэпарцёра, пана Капусцінскага. І так узрадавалася, нібыта гэта быў мой вельмі блізкі знаёмы. А ўжо калі ён прыехаў у Пінск, то з’явілася магчымасць асабіста пазнаёміцца.
Дом, дзе нарадзіўся журналіст, адрэстаўраваны і пасля ягонай смерці на ім усталявана мемарыяльная шыльда. Пінская нядзельная польская школа з 2012 года носіць імя Рышарда Капусцінскага.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя