У Вільні адкрытая новая мемарыяльная дошка Янку Купалу

Вялікая колькасць людзей, якія сабраліся 27 лютага на цырымонію замены мемарыяльнай дошкі народнаму паэту Беларусі Янку Купалу ў Вільнюсе, сведчыць аб цікавасці літоўскай грамадскасці, прадстаўнікоў беларускай абшчыны Літвы да творчасці класіка беларускай літаратуры. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

У сталіцы Літвы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю першай пастаноўкі п'есы "Паўлінка". Адкрыццё мерапрыемства пачалося з цырымоніі замены мемарыяльнай дошкі Янку Купалу. Мемарыял размяшчаецца па вуліцы Вільняус, 14. Тут у 1914-1915 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты "Наша Ніва", рэдактарам якой быў Купала. Папярэдняя дошка, устаноўленая яшчэ ў 1980-х, з цягам часу страціла эстэтычны выгляд і прыйшла ў непрыгоднасць.

 Пазней у доме настаўніка адкрылася выстаўка "Не гаснуць зоркі ў небе" Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Тут у 1913 годзе адбыўся першы спектакль на музыку літоўскага кампазітара Стасіса Шымкуса. На выстаўцы прадстаўлены рукапісы беларускага паэта, друкаваныя выданні п'есы, у тым ліку на літоўскай мове, калекцыі фатаграфій сцэн з пастановак, праграмы з аўтографамі артыстаў, запрашэнні, буклеты, тэатральныя афішы розных гадоў. Ёсць тут і матэрыялы, прысвечаныя гісторыі напісання "Паўлінкі", яе пастановак на сцэнах розных тэатраў, у тым ліку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У экспазіцыі прадстаўлены эскізы касцюмаў "Паўлінкі" ў пастаноўцы Аскара Марыкса, заснавальніка беларускай сцэнаграфіі, аўтографы вершаў Янкі Купалы, напісаных у Вільнюсе, экзэмпляры "Нашай Нівы", кнігі і календары, да выдання якіх мае дачыненне паэт.

Тадэвуш Стружэцкі адзначыў: "Творчасць Янкі Купалы цікава не толькі беларусам, але і людзям іншых нацыянальнасцей. Імя класіка будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, таму што ён унёс неацэнны ўклад у развіццё не толькі беларускай, але і агульнасусветнай культуры. Безумоўна, памяць аб такіх асобах павінна быць засведчана ў памятных дошках, музычных творах, спектаклях.

Ва ўрачыстасцях у гонар 100-годдзя першай пастаноўкі п'есы "Паўлінка" таксама прынялі ўдзел пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, саветнік прэм'ер-міністра Літвы Фаустас Латэнас, прадстаўнікі мэрыі Вільнюса, грамадскасці Літвы, беларускай дыяспары, а таксама прадстаўнікі замежных дыпмісій, акрэдытаваных у Літве.

Словы ўдзячнасці ўсім, хто працаваў над памятнай дошкай, выказаў Уладзімір Дражын. "Гэта падзея стала магчымай дзякуючы Міністэрству культуры Беларусі і скульптарам Сяргею Аганаву і Вользе Нячай. Я ўдзячны таксама уладам Вільні і Міністэрству культуры Літвы за падтрымку ідэі і магчымасць аднавіць мемарыяльную дошку нашаму вялікаму пісьменніку Янку Купалу", - сказаў ён.

 

racyja.eu