У Віцебску прайшла літаратурная вечарына з удзелам біскупа Буткевіча

Ёю стала перадкалядная літаратурная вечарына з удзелам вернікаў розных канфесій, святароў і сясцёр законных, літаратараў — сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў і аматарскіх творчых суполак горада.

З прывітальным словам звярнуўся да прысутных біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў ролю твораў літаратуры ў фарміраванні хрысціянскага светапогляду чалавека, спыніўся на некаторых аспектах выхавання і духоўнага росту асобы, якія, на думку біскупа, немагчымыя без развіцця творчых схільнасцяў кожнага з нас. Асобным радком прагучала ў выступе іерарха меркаванне аб ролі ў грамадстве значных дзеячаў айчыннай літаратуры, як, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча.

Штораз бурнымі воплескамі сустракала аўдыторыя выступленні дэкламатараў твораў айчынных паэтаў Наталлю Плешчанка і Анэлю Зайцаву. У іх выкананні прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, а таксама творы кс. Казіміра Сваяка, Яна Паўла II, Яўгена Бартніцкага (псеўданім ксяндза Сяргея Сурыновіча).

Нягледзячы на зусім юны ўзрост, па-майстэрску прачытаў на памяць урывак з апавядання Якуба Коласа «Калядны вечар» міністрант Улад Каржанеўскі.

Масу станоўчых эмоцый выклікалі ва ўдзельнікаў імпрэзы выступленні паэтак Людмілы Сіманёнак і Алены Гінько.

Цікавыя разважанні пра літаратуру як складнік духоўнага ўзрастання асобы прадставіў пробашч парафіі Езуса Міласэрнага кс. Андрэй Аніскевіч. Свае высновы святар падсумаваў сюжэтам апавядання Змітрака Бядулі «На Каляды к сыну», праз што заахвоціў прысутных задумацца ў гэты вечар над сваім стаўленнем да блізкага чалавека, яго клопатаў і праблемаў.

Як заўсёды, вельмі спадабаліся ўдзельнікам вечарыны музычныя нумары — творы класікі ў выкананні выкладчыка музычнай школы Аляксандра Салавяна і (па настойлівай просьбе аўдыторыі) калядныя спевы пад гітару біскупа Алега Буткевіча.

У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел канцлер дыяцэзіяльнай курыі (ён жа рэдактар дыяцэзіяльнай газеты «Каталіцкі веснік») кс. Віктар Місевіч і вікарый парафіі Езуса Міласэрнага кс. Генадзь Рэйшэль.

Вечарына прайшла ў надзвычай сяброўскай, творчай атмасферы. На думку яе вядоўцы пісьменніка Франца Сіўко, такое мерапрыемства — прыклад сапраўднага экуменізму і сведчанне ролі літаратуры, мастацтва ў духоўным развіцці асобы.

Віктар Цурпанаў
(VGr)

catholic.by