У Віцебску ўспомнілі Генадзя Бураўкіна (+ФОТА)

З Мінска на мерапрыемствы завіталі старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і яго першы намеснік Алесь Пашкевіч, укладальнік выдання Сяргей Шапран, паэт Міхась Скобла, памочнік старшыні ГА "СБП" Усевалад Сцебурака.

Уверсе, злева направа: Сяргей Шапран, Барыс Пятровіч, унізе: выступаюць Юлія Бураўкіна і Франц Сіўко

Выступае Ірына Саматой; Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла

Выступае Сяргей Шапран

Першая сустрэча адбылася ва ўтульнай атмасферы Літаратурнага музея Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава. Госці разам з выкладчыкамі і студэнтамі філалагічнага і гістарычнага факультэтаў узгадалі старонкі біяграфіі Генадзя Мікалаевіча, пачулі з вуснаў блізкіх сяброў гісторыю апошніх дзён жыцця Паэта і паслухалі яго вершы. Далучыліся да сустрэчы празаік Франц Сіўко, паэт Уладзімір Папковіч, кіраўніца Віцебскай абласной філіі ГА “СБП” Анастасія Лазебная. Вядучай была выкладчыца і кіраўніца музея Ірына Саматой.

Міхась Скобла (выступае), Барыс Пятровіч, Юлія Бураўкіна

Напрыканцы імпрэзы Барыс Пятровіч перадаў у фонд музея новыя кнігі, датычныя славутых пісьменнікаў віцебскага краю – Дзённікі Рыгора Барадуліна, тамы з поўнага збору твораў Васіля Быкава, кнігу ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна “Перадусім Беларусь” і дыскі з жывымі галасамі беларускіх паэтаў. Экспазіцыю папоўняць таксама архіўныя здымкі, перададзеныя музею Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

У першым шэрагу, злева направа: Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Алесь Пашкевіч, Сяргей Рублеўскі, Юлія Бураўкіна, Сяргей Шапран

На вялікую сустрэчу ў Віцебскай абласной бібліятэцы сабралося больш за 100 неабыякавых месцічаў, сярод якіх была і моладзь, і людзі сталага веку — сябры, знаёмцы і прыхільнікі славутага земляка.

Да выступаў гасцей далучыліся народная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Акружная, паэт Міхась Мірановіч, ганаровы старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык.

У залі: паэт і перакладчык Арцём Аарашонак; справа ўверсе: Іосіф Навумчык, справа ўнізе: Алесь Пашкевіч

Надзвычай цікавым стаўся расповед Сяргея Шапрана аб працы над апошнім прыжыццёвым зборнікам вершаў Бураўкіна “Нагаварыцца з зоркамі” і прэзентаванай віцебскай публіцы кнігай успамінаў “Перадусім Беларусь”. Абодва выданні пабачылі свет у рэкордна сціслыя тэрміны дзякуючы плённай і напружанай працы Сяргея Шапрана, Юліі Бураўкінай, Уладзіміра Някляева, а таксама Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Міхась Скобла ў сваёй прамове заклікаў жыхароў Віцебска праявіць ініцыятыву ды настойлівасць і звярнуцца да ўладаў горада з просьбай аб наданні вуліцам і плошчам імёнаў славутых землякоў — без перабольшання класікаў беларускай літаратуры — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна.

Спявае Аляксандра Гвоздзева

На імпрэзе прагучалі песні на словы Генадзя Бураўкіна “Завіруха” ў жывым выканані Аляксандры Гвоздзевай, прагучала таксама “Мама” вядомага беларускага барда Змітра Вайцюшкевіча.

Напрыканцы Юлія Якаўлеўна шчыра падзякавала арганізатарам імпрэзы і ўсім віцьбічам, што сабраліся на прэзентацыі.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"