У Зэльве пройдуць урачыстасці да 100-годдзя Ларысы Геніюш

У суботу, 7 жніўня, у Зэльве творчая інтэлігенцыя Беларусі адзначыць 100-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі і патрыёткі Ларысы Геніюш.

Урачыстасць пачнецца ў 10 гадзін у мясцовай Троіцкай царкве з памінальнай малітвы. Там у царкве адкрыецца выстава, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніцы.

Пасля царквы землякі і госці мерапрыемства прымуць удзел у адкрыцці мемарыяльнай шыльды на доме на Савецкай вулліцы, дзе з 1956 да 1983 гадоў жылі Ларыса і Янка Геніюшы.

У 14 гадзін у Зэльвенскім РДК адбудуцца вялікая літаратурная вечарына і презентацыя трох кніг Ларысы Геніюш. Гэта збор твораў у 2 тамах – самае поўнае, жанрава разнастайнае, тэксталагічна апрацаванае і пракаментаванае выданне яе спадчыны.

Першы том пісьменніцы склалі вершы і паэмы, скампанаваныя храналагічна — паводле выдадзеных пры жыцці аўтаркі кніг і тэматычна — на аснове пасмяротных публікацый.

Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў — “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943—1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню.

І трэцяя кніга — гэта біяграфічны альманах “Асоба і час” — цалкам прысвечаны Ларысе Геніюш. Падобны альманах, прысвечаны адной асобе, у Беларусі выдаецца ўпершыню.Усе гэтыя выданні ўдзельнікі юбілейнага свята змогуць набыць у Зэльве.

І завершацца юбілейныя ўрачыстасці на зэльвенскіх могілках, куды будуць ускладзены кветкі і вянкі на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў.

Рэгіянальная газета