У Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі -- новы старшыня
67-ы гадавы з'езд Згуртавання адбыўся ў суботу, 8 чэрвеня, у Лондане. У зале Беларускага дома сабралася каля двух дзясяткаў сяброў ЗБВБ, сярод іх – некаторыя з найстарэйшых сяброў арганізацыі ды адзін з яе заснавальнікаў, айцец Аляксандр Надсан.
На з'ездзе пра сваю адстаўку з пасады старшыні заявіла шматгадовая старшыня Згуртавання Лёля Міхалюк, якая пераняла кіраўніцтва арганізацыяй у 1997 г.
На знак пашаны з'езд надаў спадарыні Міхалюк тытул Ганаровай старшыні ЗБВБ.
У сваёй прамове новы старшыня Мікола Пачкаеў запэўніў, што будзе пільна захоўваць прынцыпы, на якіх Згуртаванне было заснаванае ў 1946 годзе.
Мікалай Пачкаеў нарадзіўся ў 1973 г. у Мінску. У 1997—1998 вучыўся ва ўніверсітэце Кэмбрыджа. У Вялікабрытаніі жыве стала з 2000 г.
Фота nn.by