У абласных аддзяленнях СБП

20 і 29 студзеня адбыліся паседжанні Гомельскага і Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Тэмай паседжанняў стала падвядзенне вынікаў працы аддзяленняў за мінулы год і абмеркаванне планаў дзейнасці на 2012 год.

Пасля справаздачнага даклада старшыні Гомельскага аддзялення СБП Анатоля Бароўскага,   сваё бачанне перспектываў працы аддзялення выказалі Таіса Мельчанка, Генадзь Лапацін, Алесь Бардоўскі.

Паседжанне Брэсцкага аддзялення СБП пачалося з ушанавання пісьменніка Сяргея Фёдаравіча Цыплюка, які днямі адсвяткаваў сваё 75-годдзе. Віншавальны адрас на імя юбіляра зачытаў старшыня аддзялення Іван Мельнічук, а паэт і мастак Анатоль Валасюк падарыў імянінніку адну са сваіх карцін.  Затым вялася шчырая і зацікаўленая размова аб справах аддзялення на бліжэйшую будучыню – падрыхтоўку чарговага нумара альманаха “Жырандоля”, удзел сяброў аддзялення ў літаратурным жыцці Брэстчыны і творчым супрацоўніцтве з украінскімі пісьменнікамі.

2 лютага гэткае ж паседжанне правялі сябры Гродзенскага аддзялення СБП. Удзел у працы паседжання ўзялі Юрка Голуб, Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Сяргей Астраўцоў, Юры Гуменюк, Віктар Сазонаў і іншыя гродзенскія пісьменнікі.

Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў  на ўсіх трох паседжаннях прадстаўляў намеснік старшыні СБП  Эдуард Акулін. 

 

Ул. інф.