«У адказ на маю гісторыю тут жа апавядалі дзве»: А. Хадановіч сустрэўся з малодшымі школьнікамі

Паэт чытаў школьнікам вершы з кніжкі “Нататкі таткі”, спяваў песні, у тым ліку беларускія пераклады “дзіцячай” класікі, адказваў на пытанні, якіх было шмат.

“Першая прыемная неспадзяванка, – падзяліўся ўражаннямі Андрэй, – гэта адкрытасць аўдыторыі. Ніякай там напружанасці і насцярожанасці, наадварот, імгненнае жаданне ісці на кантакт. Не паспяваў я апавесці сваю гісторыю, як мне тут жа ў адказ расказвалі дзве. Я баяўся, што сустрэчы ператворацца ў мой няспынны дыялог, а выйшлі добрыя двухбаковыя размовы.

Другая прыемнасць – адэкватнасць рэакцыі. Сямі-васьмігадовыя слухачы вельмі жвава рэагавалі на вершы і песні, уважліва слухалі, смяяліся, падпявалі, увогуле – стваралі ўражанне добра падрыхтаванай аўдыторыі.

Ну і, па-трэцяе, адчуваецца моцны кантакт між дзеткамі, настаўнікамі і бацькамі. Менавіта бацькі актыўна дапамагалі ў арганізацыі сустрэчаў, пачынаючы з таго, як прывезці мяне ў школу, а потым завезці дадому”.

На памяць аб сустрэчы шмат у каго з вучняў застаўся падпісаны аўтарам асобнік “Нататак таткі”, а ў школьнай бібліятэцы – дзякуй кампаніі “Будзьма беларусамі” – некалькі перакладаў замежнай дзіцячай літаратуры з серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

budzma.by