У бюлетэні "Выток" — навіны літаратурнай Берасцейшчыны

Лунінецкі інфармацыйны бюлетэнь "Выток" прысвечаны як дзейнасці абласной філіі СБП, так і ўвогуле культурным падзеям Берасцейшчыны.

З яго можна даведацца пра тое, хто з пісьменнікаў Берасцейшчыны сёлета адзначае юбілей, хто выдаў новыя кнігі, якія літаратурныя сустрэчы адбыліся з удзелам сябраў СБП за апошнія некалькі месяцаў. Напрыклад, вартыя ўвагі імпрэза да Сусветнага дня паэзіі, прэзентацыя кніг Лявона Валасюка і Івана Сычыка (1954--2001), урачыстае адкрыццё ў Мікашэвіцкай гімназіі бюста Уладзіславу Нядзведскаму, паэтычныя чытанні памяці Ніны Мацяш, правядзенне ў Брэсцкай абласной бібліятэцы Дня шведскай і беларускай літаратуры.

Пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў сёлета выйшла кніга берасцейскага творцы Аляксея Філатава "Жывому -- жыць". Алесь Паплаўскі, лаўрэат прэміі "Залаты Апостраф" часопіса "Дзеяслоў" за прозу, выдаў паэтычную кнігу "Скрыжалі душы". Працягвае выдавацца альманах абласнога аддзялення СБП "Жырандоля". Завяршаецца бюлетэнь аглядам рэгіянальнай прэсы.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"