У чаканні Бэтмэна, альбо цуда як новы жанр беларускай літаратуры — рэцэнзія на кнігу Паўла Касцюкевіча

Павел Касцюкевіч. Зборная РБ па негалоўных відах спорту.  - Мінск: Логвінаў, 2011


Ведаеце, што звычайна думае чалавек, які пабачыў цуда? “Мне не павераць!” Менавіта з гэтай прычыны, страшна пісаць пра кнігу Паўла Касцюкевіча “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”. 

Вось так палову жыцця чакаеш на беларускую кнігу, якая б узрушыла цябе менавіта як цуда – да глыбіні душы, прымушаючы смяяцца і плакаць адначасова, і раптам пачынаеш баяцца, а ці хопіць сіл расказаць пра яе? 

Бо цуда на тое і цуда, што моцна адрозніваецца ад звычайнага, ад паўсядзённага, і ты сам не гатовы пра яго расказваць на яго мове, ускрываючы чароўны механізм. Ты такі агаломшаны, што можаш толькі здагадвацца – як гэта працуе, як гэта зроблена, і што на гэта натхніла. 

Напэўна самае містычнае ў апавяданнях Касцюкевіча – гэта нават не сам сюжэт, а момант пераўтварэння знаёмага, нават асабіста перажытага ў фантасмагарычнае, мозгавыноснае. 

Вось, напрыклад, апавяданне “Вайна з дзьмухаўцамі” пачынаецца з апісання нявіннага ва ўсіх сэнсах гэтага слова з’езду беларусістаў свету, які сапраўды адбываўся “сярод лабірынтаў і містэрыяў менскага харэаграфічнага каледжу”. 

Што называецца, “і я там быў, мёд-піва піў…” Вось бачаныя ўсімі замежныя прафесары, якія паважна разыходзяцца па заблытаных шэрых карыдорах.… Вось незабыўны “Сувораўскі вальс”у выкананні выструненых навучэнцаў  –  ён ёсць і на тваіх уласных фотаздымках… Вось габрэйская секцыя… І раптам: 

"Вайна, вайна!"  

Якая шчэ вайна? А такая – дзьмухаўцовая! То бок, самая што ні ёсць сапраўдная. Са зваротамі афіцыйных асобаў усіх чыноў і званняў, з мінабаронаўскім дыскурсам і высцюжваючым душу гарадзкім фальклорам:  “дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі нашу краіну і цяпер шукаюць наш горад”. 

Кожны містыфікатар ведае – каб табе паверылі, трэба расказаць, як мага больш дэталяў.

Дэталі з Касцюкевіча валяцца, як з меху. Ды і з яго герояў таксама: толькі ў аднаго з іх чыста выпадкова знаходзяцца: менора-адкрывалка, Сцяна Плачу-запальнічка, бюст Ягвэ і бела-чырвона-белая-ярмолка… А каго не пераканаюць дэталі – даб’юць “праўдзівыя” сведкі: Арнольд Макмілер, Цімаці Шнайдэр і Алесь Астравух… 

І вось ужо ты так наглытаўся спрэсаванага паветра вайны, што выратаваць цябе можа толькі малітва, якую ты разам з героямі апавядання гатовы чытаць уголас: “шма ісраэль гаспод наш бог, гаспод адзін ёсць, дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш паверх, цяпер шукаюць наш пакой…” 

Гэты момант – момант надзеі на выратаванне – чырвоная суворая нітка, якая знітоўвае ўсе чатырнаццаць апавяданняў зборніка Касцюкевіча. 

Якую старонку не адгарнеш, там абавязкова будзе знак – сіні кавалак неба, крыло анёла, німб міліцэйскай фуражкі альбо крысо бэтмэнаўскага плашча… 

 

Можна доўга думаць, чаму аўтар выбраў менавіта такую паскудную антыгламурную вокладку, пакуль цябе не працінае здагадка: на ёй не проста знявечаная скульптура гіпсавага атлета савецкіх часоў – на ёй выява Збавіцеля, тутэйшага Супермэна, расфарбаванага пад рэдукаваныя густы мясцовых эстэтаў. 

І ён цалкам натуральны для беларусаў, якія дакладна вераць толькі ў адно – калі ім што дапаможа, то толькі самападфарбаванае цуда, знакі якога ім бачацца паўсюль. І гэтае Wonder – як паказваюць апавяданні Касцюковіча, а яны ўсё чыстая праўда! – абавязкова здараецца. 

Асабліва тады, калі да яго не рыхтуешся, як было тое з гераіняй апавядання “Вечнасць ды іншыя часы”, якая пайшла на клады, бо ёй прысніўся ніхто небудзь, а Машэраў, які папрасіў яе прынесці на магілу… кропу. 

І яна панесла, бо душа яе чыстая, нягледзячы на даўно мінулы адзюльтэр, а значыць заслугоўвае ўзнагароды. І яна яе знаходзіць, прычым у выглядзе абсалютна нечакананым – у кропцы над “і” ў даўняй любоўнай гісторыі.

Атрымоўваюць свайго Deus ex machina і каларытныя беларускія кабеткі з апавядання “Айчына кантрабанда”, прычым гэтак жа нечакана і феерычна: 

“І тут з глыбіняў космасу прылятае вогненная камета – запозненая рэакцыя Галактычнага Рорзуму, які ўсё ГЭТА і стварыў, а цяпер чыста па-чалавечы стаміўся. Бо як так можна – столькі стагоддзяў з насельнікамі гэтай планеты было ўсё ў парадку – усясветная туга, мукі душы, усё ў такой манеры. А тут бач ты: праз сценкі вагона людскога прашыліся ашмянскія цёткі і нахабна разгайдалі светабудову. Камета дашчэнту выпальвае Айку з цэлым кавалкам семафорнага моста. Уф, ну, нарэшце…” 

І хоць апавяданне заканчваецца больш, чым сумна, але ў апошнім яго абзацы ўсё ж свеціцца "надзейна забытая “Папараць-кветка”, шампунь для ўсіх тыпаў валасоў"! 

І столькі ў гэтых раскіданых тут і там “надзеях” любові… Такога гарача-шчымлівага, нават трохі экзальтаванага пачуцця да “нармальных” людзей з “нармальным” жыццём – да кантрабандыстак, дэсантнікаў, кухарак, што міжвольна пачынаеш падазраваць пісьменніка: а ці сапраўды ён постмадэрніст? 

То бок, калі напачатку тут і там, а практычна паўсюль пачынаеш сустракаць знаёмыя класічныя цытаты кшталту “Хрыстос прызямліўся ў Вільні” ці “Зазірнула сонца і ў Ваша аконца”,пачынаеш думаць, а ці не з тых ён, крый Божа, маладзёнаў, што Б’юць- Вокны-Ў- Бацькавай-Хаце? Але тут жа выдыхаеш, бо т ы м – т ы м дакладна не адчуць усёй тонкасці і велічы тутэйшых анёлаў, старанна замаскіраваных пад бугалтарак і міліцыянераў… 

Т ы м не выявіць выратавальнай прыгажосці бела-блакітнага чаргавання на цяльняшцы, якое ёсць ні чым іншым, як двухколернымі промнікамі святла ў цёмным царстве… Т ы м ніколі не зразумець МОЦ І НЕМАЧ КАРНАВАЛУ ў дні ВДВ, як не пазнаць у вэдэвэшніках бэтмэнаў. 

Бо для таго, каб усё гэта разгледзець, трэба, як мінімум, не баяцца на гэта глядзець, а гэта – будзем шчырымі! – пад сілу толькі Сапраўдным Рэалістам і Пісьменнікам. 

Толькі вялікі пісьменнік з вялікай літары можа так тактоўна і дэлікатна нагадаць нам, што 

 

 “усе мы, па сутнасці, у далонях Івана Купалы, гэтага змрочнага летняга бажка, які тры месяцы навылёт прымушае нас паліць чорныя шыны недаробленых за зіму справаў ды скакаць праз вогнішча скоразвялых раманаў, пасля чаго мы робімся п’яныя і дурныя, забываючы пра самае элементарнае – пра Крым”. 

І гэты такі сціплы і велічны “Крым” – як вянец карнавалу, як увасабленне адпачынку і разняволенасці, як метафара сонечнага яркага жыцця, якое трэба “хапаць высалапленым языком”, наводзіць на думку , што недзе ўжо сустракаўся гэты чароўны, танцуючы свет… 

Не, не ў Э. Кэрэта, якога так любіць Касцюкевіч. У Э. Кустурыцы! 

Вось літаральна днямі адна знаёмая дзялілася ўражаннямі ад Сербіі: “Я думала, Кустурыца ўсё гэта прыдумаў! Не, людзі сапраўды там так жывуць! Гэта не кіно – гэта іх лад жыцця…” 

Напэўна, у гэтым і ёсць звышзадача сапраўднага мастацтва – не сачыняць цуды, а паказваць іх, вылушчваючы з абгорткі рэальнасці.  

Гэта стоадсоткава ўдаецца Паўлу Касцюкевічу, які сваёй кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” адкрыў нешта настолькі яркае і незвычайнае і ў нацыянальным характары беларусаў, і ў самім быццам бы незгарманізаваным беларускім жыцці, і ў такой небагатай на здарэнні айчыннай літаратуры, што іначай, чым праз паняцце “цуда” пра гэта і не раскажаш. 

Спадзяюся, вы паверылі?

 

Ганна Кісліцына, bellitaward.blogspot.com