Навіны

25 мая споўнілася б 75 гадоў паэту Міколу Купрэеву.

 У чаканні біёграфа

З якога боку падступіць?

Вазьму тэму «Паэты маёй стараны».

Для тэмы гэтае павінны быць нейкія абмежаванні ў прасторы. Ганцавіцкі раён? Чаму б і не? Ладны кавалак Случчыны, цэлая Круговіцкая воласць. І кавалак Піншчыны — Хатыніцкая воласць. Ды яшчэ кусочак Дабраслаўскае воласці. А раз Дабраслаўская воласць, значыць, і Сташаны.

Калі ўжо Сташаны, дык не Малкавічы. Калі зірнем на мапу Ганцавіцкага раёна, убачым, што самы паўднёвы пункт Ганцавіцкага раёна, калі не лічыць майго Задуб’я, — Малкавічы, але яны павінны саступіць званне самага паўднёвага пункта маёй стараны Сташанам, хоць ёсць спакуса дабрацца да Ясельды і паплысці па ёй, зазірнуць у Парэчча, Велясніцу і Рудку — вёскі незабыўнае Жэні Янішчыц, ды ўсё ж абмяжуемся Сташанамі («сто шан для Сташан»).

Раз ужо Сташаны наш паўднёвы крайні пункт, паўночным абярэм Востраў. (Ведама, яно спакусліва праз Машукоўскі лес выбрацца з Палесся да палевікоў і далучыць да нашай стараны вёску Леаніда Галубовіча). А самы ўсходні (ці паўночна-усходні) пункт — вёска Чудзін.

Такім чынам, Чудзін, Сташаны і Востраў — крайнія пункты маёй паэтычнай стараны. І Малкавічы не забудзем.

Пакуль жывыя сведкі, трэба было б пісаць біяграфію аднаго з паэтаў маёй стараны — Міколы Купрэева.

Вось для мяне пытанне: дзе ён раней працаваў — у Сташанах, Малкавічах ці ў Чудзіне. Калі працаваў? Ды мы такія — часта біяграфіі пішам, калі і сведкі ўжо сышлі ў нябыт.

У 1980-х, калі рабілі Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі, артыкул пра Міколу Купрэева прадугледжаны не быў. Як і пра Алеся Наўроцкага.

Мала храналагічнай канкрэтыкі і на багатым ганцавіцкім краязнаўчым сайце (учора на ім распачаўся тыдзень Міколы Купрэева).

Хто возьмецца пісаць дэталізаваную біяграфію паэта? Не ведаю. Тут жа падзялюся назіраннем.

Дзе б ні працаваў Мікола Купрэеў у маёй старане, там (ці адтуль) меўся яшчэ хоць бы адзін паэт.

Каб не казаць доўга пра Чудзін, кожнаму параю пачытаць казкі палешукоў у запісах Сержпутоўскага. Колькі там паэзіі! А калі браць наш ужо час, у Чудзіне нарадзіўся і ў Чудзінскай школе, дзе працаваў Мікола Купрэеў, вучыўся паэт Алесь Каско. На хутары Запрапасць пад Малкавічамі нарадзіўся, а ў Малкавіцкай школе, дзе працаваў Мікола Купрэеў, вучыўся паэт Іван Лагвіновіч. У Сташанах, дзе працаваў Мікола Купрэеў, нарадзіўся і вучыўся паэт Анатоль Шушко. Ёсць у Міколы Купрэева верш, прысвечаны жыхарам Вострава, і верш памяці самага знакамітага «астравіцяніна» — паэта Міхася Рудкоўскага.

Пішучы пра Міколу Купрэева, не магу не згадаць яшчэ двух паэтаў, надзеленых, як і ён, талентам празаіка.

Не магу не згадаць Міхася Стральцова і Алеся Наўроцкага. З імі Міколу Купрэева яднае не толькі месца нараджэння (Усходняя Беларусь), але й год нараджэння — 1937.

Так здарылася, што яны, народжаныя ў год Вялікага тэрору, былі ў шэрагу разбуральнікаў сацыялістычнага рэалізму ў нашай літаратуры. Міхась Стральцоў — праз вернасць класічным запаветам і канонам, Алесь Нароўцкі — праз адсутнасць тутэйшай літаратурнай вывучкі і няўпісанасць у тутэйшую паэтычную «школу», Мікола Купрэеў — праз ледзь не дэманстрацыйнае выяўленне свайго Я, праз выклік таталізуючаму калектывізму.

Нехта з біёграфаў, гісторыкаў літаратуры, пішучы пра агульнае і індывідуальнае ў творчасці трох пісьменнікаў 1937 года нараджэння, напіша пра іх драматычны лёс, неўладкаванасць, апрычонасць. І пра тое, што іх жыццёвая драма спалучалася (а ў выпадку Алеся Наўроцкага і спалучаецца), як ні парадаксальна, з прыжыццёвым прызнаннем іх таленту.

Тут я пераходжу да тэмы ўспрыняцця творчасці Міколы Купрэева крытыкай, калегамі. Будучаму біёграфу нельга будзе абысці і пытанне пра тое, як яна, крытыка, уздейнічала на творчасць, на асобу пісьменніка.

У тыя 60-я грэх было жаліцца на адустнасць увагі да дэбютантаў. Першы зборнік Міколы Купрэева не быў выключэннем. Свае рэцэнізіі Сцяпан Гаўрусёў, Уладзімір Гніламёдаў, Хведар Жычка, Аляксей Майсейчык і Валянцін Тарас змясцілі ў «Чырвонай змене», маскоўскім часопісе «Дружба народов», часопісе «Полымя», брэсцкай абласной газеце «Заря» і часопісе «Маладосць». Ведама, было б цікава супаставіць тагачасныя ацэнкі паасобных вершаў паэта з тым, што на пачатку ХХІ стагоддзя было выбрана для анталогіі «Я хацеў вам сказаць...», якая выйшла ў серыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», але абавязкова трэба адзначыць, што водгукі на першую кнігу былі прыхільныя зычлівыя. Хіба што дысанансам прагучала слова Уладзіміра Варно (хто памятае такога аўтара?) у газеце «Літаратура і мастацтва». Дый тую рэцэнзію, па-мойму, нельга аднесці да разраду аглабельнай крытыкі. Ці я не маю рацыі?

І ўсе ж, пытанне: чаму, нягледзячы на прыхільнае ўпрыняцце яго першага зборніка амаль усімі рэцэнзентамі, чаму, нягледзячы на зычлівае стаўленне да яго і Янкі Брыля, і Уладзіміра Калесніка, і іншых літаратараў старэйшага пакалення, чаму, нягледзячы на добрую чытацкую рэцэпцыю, Мікола Купрэеў на доўгі час застаўся на маргінэсе літаратурнага жыцця?

Ён не быў, як Алесь Наўроцкі, дысідэнтам. Нават наадварот: у нечым ён быў звычайны савецкі чалавек. Але ж нешта замінала яму ўпісацца, як Міхасю Рудкоўскаму ці Міхасю Стральцову, у берасцейскае ці ў менскае літаратурныя колы, нешта ж не давала яму выйсці са статусу сельскага настаўніка і супрацоўніка райгазеты. Гэта даволі складаная даследчыцкая тэма.

У кожнага пісьменніка ёсць калі не адаратары, дык сябры. Яны, сябры, дапамаглі ў свой час вярнуцца ў літаратурнае рэчышча Міхасю Стральцову, які пад канец свайго кароткага жыцця ўразіў нас зборнікам-шэдэўрам «Мой свеце ясны». Васіль Сёмуха, якому (як рэдактару) перапала ад аднаго крытыка за першы зборнік Алеся Наўроцкага, у 1990-м узяўся рэдагаваць яго трэці зборнік — «Пакаленні і папялішчы». І гэта было вяртаннем Алеся Піліпавіча ў літаратуру. (Адзнака часу: я не знайшоў ніводнае рэцэнзіі гэтае кнігі, як, зрэшты, і другое кнігі вершаў Міколы Купрэева «Правінцыйныя фантазіі», што выйшла ў 1995 годзе.)

Літаратурнаму «рэнесансу» Міколы Купрэева паспрыяла ўвага да яго Леаніда Галубовіча, які з уласнага досведу ведаў, што за бяда напаткала чалавека.

Сам пазбыўшыся бяды, ён спагадаў чалавеку, які не знайшоў сілы волі пазбыцца яе і цярпеў праз гэта ад хваробаў. І прыйшоў яму на дапамогу. У тым, што ў друку 1990-х гадоў з’явіліся творы Міколы Купрэева, што выйшлі ягоныя кнігі паэзіі («Правінцыйныя фантазіі») і прозы («Палеская элегія»), а таксама ў тым, што пасмяротна ягоныя вершы апублікаваныя ў зборніку «Я хацеў вам сказаць...», — немалая заслуга Леаніда Галубовіча (вось чаму мне захацелася бачыць яго ў маёй паэтычнай старане).

Былі ў Міколы Сямёнавіча і іншыя спрыяльнікі, якія не махнулі на яго рукою, не адцураліся яго. І пра гэта, спадзяюся, з належнай увагай і тактоўнасцю напіша будучы гісторык літаратуры, якога зацікавяць лёсы паэтаў маёй стараны і пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1937-м.

25 мая 2012 г. 

в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна


* * *

Мікола Купрэеў нарадзіўся ў вёсцы Ямнае (цяпер Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці) ў сям’і настаўніка. У 1943 нацысты арыштавалі яго бацьку і забілі маці. У 1947 Мікола з бацькам пераехалі на Берасцейшчыну, у вёску Пескі Бярозаўскага раёну, а ў 1953 — у вёску Міхнавічы Івацэвіцкага раёну. Выхоўваўся мачыхай.

Скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу (1957), факультэт беларускай і расейскай мовы і літаратуры Брэсцкага педінстытута (1962).

Працаваў у Чудзінскай і Малкавіцкай сярэдніх школах Ганцавіцкага раёна, у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газэты «Будаўнік камунізму». У 1988 пераехаў у вёску Папялёва Пружанскага раёна, выкладаў у базавай школе гісторыю. Тут выйшаў на пенсію з прычыны хваробы.

Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (1994). У 1996 зборнік вершаў «Правінцыйныя фантазіі» быў вылучаны на атрыманне Дзяржаўнае прэміі імя Янкі Купалы і адзінагалосна падтрыманы на галасаванні. Аднак у самы апошні момант перамога Міколы Купрэева была скасаваная за іранічную згадку Лукашэнкі ў вершы «Сустрэча з К. Крапівой у 1993 годзе». Замест гэтага паэт атрымаў прэмію Саюза пісьменьнікаў імя Аркадзя Куляшова і аднапакаёвую кватэру ў Пружанах.

Пасля выдання аповесцяў «Дзіцячыя гульні пасьля вайны» (1995) і «На вуліцы Карла Маркса з паэтам» (1997), якія вызначаліся надзвычайнай шчырасьцю ў адносінах да сябе і сваіх родных, бацька адмаўляўся пускаць Міколу ў родную хату падчас ягоных візітаў на радзіму. Мікола Купрэеў вымушаны быў ночыць у кацельнях, дзе працаваў яго школьны сябра.

Апошнія гады жыцця правёў у Пружанах. Памёр у доме састарэлых у пасёлку Лясны Баранавіцкага раёна. Пахаваны ў Міхнавічах (перадмесце Івацэвічаў). На ягоным надмагіллі выбітыя словы з верша «О, я многа хацеў вам сказаць…».

Паводле "Вікіпэдыі"

 

Вершы Міколы Купрэева

 

Закляцце

З трыбуны сышлі,
на руках мне разбілі ланцуг, 
на нагах – кайданы
і замок знялі з вуснаў. 
Сказалі: 
“Ідзі з плугам у поле сваё, 
з касой – у свой луг. 
Спявай і крычы
што хочаш
на мове сваёй беларускай”.

Зноў на трыбуны ўзышлі. 

А самі ж 
рукі мае адвучылі араць і касіць, 
ногі – шырока і вольна хадзіць гасцінцам, 
звязалі свабоду па-свойму думаць і жыць
і роднае слова казаць, 
і маліцца-хрысціцца. 

Прашу: 
зноў на рукі ланцуг падаць, 
вусны замкнуць і ногі скаваць кандаламі, 
зацягнуць на Незалежнасці пляц –
пасадзіць там
пад тымі нагамі. 
Cтану каменны й халодны, як ён. 
Будзеце тут святкаваць свае святы –
чорны ў яго не кідайце праклён,
у выраджэнні сваім
я быў сам вінаваты.

З гісторыі Падняпроўя

У траве начной ля Рагачова
радзіміцкія дзеўкі так крычалі. 
На зямлі Міколы Сурначова
іх красу жаўнеры ў гразь тапталі. 

Радзімічы іх чулі ў Рагачове, 
і габрэі рагачоўскія іх чулі, 
і цыганы кудлатыя ў Збарове, 
што ля Дняпра на вогнішчах начуюць. 

Як ноч пайшла сваёй дарогай
і на Юдзею памаліліся габрэі, 
у Турскім лесе лёг Іван Купрэеў, 
і піў віно з турынага ён рога.

А дзеўкі недзе плакалі, крычалі,
Варшаве ж і Маскве было ўсё роўна. 
Расейска-польскія жаўнеры іх тапталі —
пасля ўжо й продку твар здзяўблі вароны.

 

 

Жанчына

Вачамі пазвала пад дрэва густое, 
абняла, цалавала, 
пайшла з-пад дрэва на свой падворак, 
паклікала пеўня, а куры за ім, 
сыпанула ім проса з падолу, 
які трымала высока ў руцэ, 
агаліўшы белыя ногі, 
знайшла ў крапіве пад сцяною
маленькую ластаўку, 
пасадзіла назад у гняздо, 
зноў пад дрэва прыйшла, 
пацалавала; 
смеючыся, парвала на шыі каралі, 
кінула ўверх —
расцвілі ў небе зоркі, 
адштурхнула, шапнула: "Ідзі".

 

 

* * *

Выйшла з балота
ў вянку з журавінаў чырвоных
і белых туманаў. 

Выйшла з лесу
ў вянку з багульніку горкага, 
ядлоўцу калючага. 

І сама пацягнула сябе за косы
зноў у лес і балота — 
беларуская наша свабода.

Паводле "Дзеяслова"

nn.by

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------