У чым публічна прызнаўся Андрэй Пакроўскі

“Як я перастаў верыць у дзеда Мароза” — Андрэй Пакроўскі захацеў пагаварыць пра гэта і напісаў цэлую кнігу. Зборнік з такой доўгай назвай — новая кніга падсерыі “Пункт адліку” серыі “Кнігарня пісьменніка”, заснаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” для маладых аўтараў.

Дэбютную кнігу Пакроўскага склалі кароткія апавяданні, якія напоўніцу раскрываюць тэму дзеда Мароза, тэму ровара, тэму Антона, які насамрэч Андрэй, і шмат іншых важных для пісьменніка тэм, актуалізуюць праблемы кубка кавы і тралейбуса. Кніга спадабаецца ўсім, для каго гэтыя тэмы таксама вострыя і блізкія, усім, каму згаданыя праблемы гэтаксама вярэдзяць чулыя струны душы.  А хіба знойдзецца сярод школьнікаў такі, якому не даводзілася прыйсці ў школу без галавы? Я шчыра перакананая, што такіх няма. А значыць - кніга Пакроўскага і для гэтай катэгорыі грамадзян.

Сябе аўтар характэрызуе каротка і ёміста:

“Характар блізкі да нардычнага, вытрыманы. З 2004 года бездакорна служыць беларускай літаратуры. Бязлітасны да ворагаў мадэрнізму…”

Інфармацыя пра тое, што пісьменнік “жанаты, у сувязях, што ганьбуюць яго, заўважаны не быў” напэўна спадабаецца паважным спадарыням сталага веку. Такім чынам зноў дальнабачны Андрэй Пакроўскі пашырае сваю патэнцыйную чытацкую аўдыторыю.

Тым, што аўтар “адзначаны ўзнагародамі ПЭН-цэнтра” ўжо нікога не здзівіць, але Пакроўскі на гэтым не спыняецца і ідзе далей,  паведамляючы, што валодае “ганаровым дыпломам другой ступені за самае хуткае надзяванне супрацьгаза”.

На гэтым скончым анонс. Чытайце Пакроўскага самі, прасіце, каб вам Пакроўскага пачыталі і г.д. Я і сама часам чытаю Пакроўскага і думаю, што нікому не зашкодзіць.

Анка Упала, спецыяльна для lit-bel.org