У дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча з маладымі літаратарамі

Ганна Янкута і Юля Цімафеева

Юля Цімафеева расказала, як яна пачала цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, пра сваю паэзію, у якой важнае месца займаюць развагі пра тое, як на чалавека ўплывае мова, і прачытала некалькі сваіх вершаў і перакладаў Чарлза Букоўскі з “Кнігі памылак”. Пасля маладыя літаратары прапанавалі дзецям успомніць, якіх жанчын з беларускай гісторыі яны ведаюць. Школьнікі згадалі Рагнеду, Цётку і Ефрасінню Полацкую і атрымалі ў падарунак закладкі ад “Будзьмы”.

Пасля Уладзь Лянкевіч расказаў пра свой музычны гурт і прачытаў некалькі вершаў з кнігі “70% вады”, а таксама адказаў на пытанне школьнікаў, калі і чаму ён пачаў размаўляць па-беларуску. Пасля прайшоў яшчэ адзін конкурс, на якім двое добраахвотнікаў спаборнічалі ў тым, хто ведае больш беларускіх пісьменнікаў. Пераможца атрымала торбу ад “Будзьмы”, другі ўдзельнік — у якасці заахвочвальнага прыза — паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”.

Ганна Янкута прадставіла беларускія пераклады гісторыяў пра Шэрлака Холмса Артура Конана Дойла і зборнік калядных апавяданняў “Падарунак на Каляды” і прачытала ўрывак з апавядання “Скандал у Багеміі”. Потым разам з Уладзем Лянкевічам яна расказала пра інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”. У канцы сустрэчы Уладзь Лянкевіч заахвоціў школьнікаў вывучаць беларускую мову і расказаў, якія плюсы дае беларусу валоданне роднай мовай.

budzma.by