У філармоніі прайшоў вечар Багдановіча

Да святкавання 120-годдзя Максіма Багдановіча ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі падрыхтаваліся адпаведна, прадставіўшы публіцы 9 снежня маштабную дзею “Апокрыф”, названую на афішах мюзіклам-прыпавесцю.

 

Да святкавання 120-годдзя Максіма Багдановіча ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі падрыхтаваліся адпаведна, прадставіўшы публіцы 9 снежня маштабную дзею “Апокрыф”, названую на афішах мюзіклам-прыпавесцю.

 

Кампазітар Ларыса Сімаковіч прыцягнула да ажыццяўлення сваёй задумы аркестр (Нацыянальны акадэмічны народны), хор (Дзяржаўны камерны), тэатр (фольк-тэатр “Госціца”) і саліста (спевака Яна Жанчака). Сёлета яўна не было задачы здзівіць і нават справакаваць гледача, як тое было ў містэрыі Сімаковіч “Дзень Максіма” ў 2008-м, дзе ролю Багдановіча выканала Святлана Зелянкоўская, а на сцэну філармоніі падняўся гурт N.R.M. На 120-годдзе паэта, кампазітар узялася за вырашэнне няпростай задачы — раскрыць музычнай мовай філасофскую прыпавесць Багдановіча “Апокрыф”.

 

На сцэне выглядала ўсё сапраўды грандыёзна: цымбалы ў чатыры шэрагі, хор на ўсю даўжыню, дзяўчыны з фольк-тэатра і маладыя салісты філармоніі пры мікрафоне.

 

“Нас усіх уз’яднаў Максім!” — з такімі ўрачыстымі словамі вядучая праанансавала дзею. Сярод гледачоў былі такія асобы, як паэт Генадзь Бураўкін, кіраўнік хору “Унія” Кірыла Насаеў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, скульптар Генік Лойка, кампазітар Ігар Лучанок…

 

Зрэшты, сама Сімаковіч неаднойчы падкрэслівала, што не мае мэты ствараць пастаноўкі пад нейкія даты і юбілеі. Кампазітарка кажа, што яе жаданне паставіць “Апокрыф” супала са святкаваннем 120-годдзя Багдановіча.

 

“Апокрыф” пачаўся з галашэння Народа, ролю якога выконвала “Госціца”. Неўзабаве ўступіў аркестр, а потым далучыўся і хор. Пад спеў пра Максіма-кніжніка на сцэну басанож выйшаў Ян Жанчак, выканаўца галоўнай ролі — Музыкі.

 

“Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?” — даводзіць Музыка асноўную думку прыпавесці. Праз тую метафару Сімаковіч яшчэ раз хацела нагадаць перакананне паэта: толькі той народ мае будучыню, які думае пра духоўнасць. І той самы верш пра “краіну светлую”, дзе памірае паэт, вельмі дарэчы загучаў у мюзікле фінальным нумарам.

Пасля гэтага пранікнёнага спеву грымнулі апладысменты, якія доўга не сціхалі. Выйшла ўласна аўтарка “Апокрыфа”, якой усё дарылі і дарылі кветкі. Дырыжор аркестра імя Жыновіча Міхаіл Казінец усё ж неяк чароўным жэстам пасадзіў усіх на месцы — і зноў зайгралі на біс “Я не самотны…”

 

Вечар Максіма ў філармоніі на гэтым не скончыўся. У другім аддзяленні артысты філармоніі выканалі песні на вершы Багдановіча, напісаныя Уладзімірам Мулявіным, Ігарам Паліводам, Ігарам Лучанком — ад “Веранікі” да “Чаму я стаў паэтам”. Адзін з салістаў, Аляксандр Камлюк, нават не развучыў хоць некалькі словаў па-беларуску для такой падзеі, захапляючыся са сцэны “произведениями наших великих”.

 

Скончылася ўсё агульным выкананнем самай вядомай кампазіцыі на верш Максіма — “Зоркі Венеры”. “Пагоню” ўвагай вырашылі абмінуць. Да лепшых часоў.

 

Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандра Ждановіча.

 

Болей здымкаў гл. на budzma.org