У гарадской бібліятэцы адбылася вечарына ў памяць баранавіцкіх паэтаў

Ян Збажына

Так атрымалася, што ўсе гэтыя паэты нарадзіліся ў сакавіку. Усе трое пакінулі пасля сябе літаратурную спадчыну, у кожнага з іх сёлета быў бы юбілей – 100-годдзе з дня нараджэння Фёдара Буцько, 75-годдзе Генадзя Гапановіча і 50-годдзе Яна Збажыны. У кожнага з гэтых аўтараў свой лёс.

Фёдар Герасімавіч Буцько пражыў доўгае жыццё, партызаніў, трапіў у лапы гітлераўцаў, яго расстрэльвалі. Але ўдалося выжыць, ваяваў на фронце, пасля шмат год аддаў адукацыі. І вершы яго ў большасці – пра цяжкія гады вайны, пра Айчыну.

Генадзь Гапановіч вялікі ўнёсак паспеў зрабіць у Баранавічах ў галіне культуры. Імпрэзы з яго ўдзелам і пад патранажам, як кіраўніка музычна-літаратурнай гасцёўні “Крыніца”, збіралі цэлыя залы, пасля яго засталося шмат песень пра наш горад. Дзякуючы Гапановічу, прыхільнікі паэзіі змаглі сустрэцца і паслухаць такога выбітнага аўтара, як Ніл Гілевіч, іншых знакамітых людзей краіны.

Ян Збажына (сапр. Іван Савіцкі) пайшоў з жыцця рана – яму было толькі 47 год. Ён быў гісторыкам і філосафам. Ён пакінуў нам цудоўныя вершы, якія друкаваліся ў перыёдыцы, выйшлі ў адзінай прыжыццёвай кніжцы творцы “Пыл саркафагаў”, што пабачыла свет у 2004 годзе. Яго санеты, трыялеты, хоку і цяпер з задавальненнем чытаюць прыхільнікі паэзіі.

Пра ўсё гэта і ўспомнілі падчас імпрэзы сябры і паплечнікі паэтаў. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да мерапрыемства слайд-фільм, чыталі вершы юбіляраў. Пра сваё сяброўства з Янам Збажыной, пра тое, як арганізоўвалі ў Баранавічах скаўцкі рух, расказаў прысутным Алесь Бакач. Падчас мерапрыемства было паказана відэа, знятае Бакачом пра Яна Савіцкага ў Завоссі.

Творы Збажыны гучалі і ў выкананні Уладзіміра Гундара, які макетаваў кнігу аўтара і ўдзельнічаў разам з Савіцкім у 90-я гады ў адраджэнскім руху. Сваімі ўспамінамі пра творцаў падзяліўся і Валерый Палікарпаў. Вершы, прысвечаныя Генадзю Гапановічу, чыталі Людміла Шувалава, Раіса Раманчук, Алесь Корнеў. Гучалі ў зале і песні на словы аўтара. Пра жыццёвы шлях Генадзя Гапановіча расказала яго жонка Алена.

Прысутныя ўшанавалі памяць баранавіцкіх літаратараў хвілінай маўчання.

Алесь Белы, www.intex-press.by

Ян Збажына

СТАГОДДЗЕ

Айчына. Воля. Барацьба.
Пятля. Астрог і неба ў краты.
Жывога вечная сяўба
І пустазелле, бюракраты.

Гарластых цётак чарада.
Авоські. Клункі. Плёткі. Сваркі.
Штодзённасць…
Спрэчкі і нуда.
Нуда і спрэчкі…
Святы, чаркі.
Высакароднасць. Грамада.
Вячэра. Лаянка за скваркі.

Крыніца. Маці. Немаўля.
Забойцы. Здраднікі. Пачвары.
Пакутная ў слязах зямля
І лёсам гнаныя ахвяры.

У СКЛЕПЕ

Пыл не здзьмухвай. Прабач і пакінь.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска

Вільготным пылам саркафагаў
ля эпітафій бачу час
і ў лаўрах марную развагу
выяваў — профіль і анфас.
Камень шыхтамі сваю вернасць
няхістка захаваў руцэ,
што й зараз мур так шчыльна тчэ.
Зайздрошчу тым, чый крок паверхня
няўладна больш адлюстраваць —
на павуцінне ўтаймаваць
павук паспеў іх след.
З начніцы
хімера невымоўнасць п’е…
Плыву ў суцэльнай таямніцы,
апошні сведка — сам сабе.