У кнігарні “логвінаЎ” прэзентавалі 53-ы нумар “Дзеяслова” (фота)

Новы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў” прэзентавалі 21 кастрычніка ў сталічнай кнігарні “логвінаЎ”. Ужо традыцыйная сустрэча аўтараў выдання з прыхільнікамі сваёй творчасці праходзіла ў фармаце “жывога часопісу” –  па прачытанні твора (а з часу выхаду нумару мінуў ужо месяц) чытачы атрымалі магчымасць падзяліцца ўражаннямі з улюбёнымі пісьменнікамі, задаць ім пытанні.

Ігар Бабкоў, аўтар рамана-павуты “Партрэт мастака, нябачны ў сутонні”, пачатак якога надрукаваны ў 53-ым “Дзеяслове”, распавёў пра тое, што натхніла яго на напісанне гэтага твора. Натуральна, кемлівыя чытачы ўжо здагадаліся пра ўплыў аднаго вядомага ірланца. Аднак гэта раман не пра Ірландыю, а пра Мінск 80-х. У інтэрнэце ўжо з’явіліся меркаванні пра тое, што твор цалкам магчыма апынецца “кнігай-фантомам”, то бок творам так і не дапісаным. Ігар Бабкоў супакоіў усіх сваіх прыхільнікаў, адзначыўшы, што ўжо практычна ўсе шэсць частак кнігі скончаныя.

Эстафету ад філосафа-пісьменніка прыняў паэт Віктар Жыбуль, аўтар вершаванай падборкі “Мая каляровая рэвалюцыя”.  Віктар апавёў пакручастую гісторыю стварэння і ператварэння сваіх паэтычных зборнікаў і іх назваў. Пасля чытання выбраных вершаў з падборкі, паэт адказаў на некаторыя пытанні аматараў яго творчасці.

Сталы аўтар “Дзеяслова”, чый мастацка-дакументальны твор “У Вільні і больш нідзе” выходзіць на старонках выдання, Леанід Дранько-Майсюк зачытаў свае новыя нататкі пра слыннага героя Беларусі Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Пісьменнік таксама выказаў шкадаванне і заклапочанасць тым, што маладыя літаратары не дужа імкнуцца ў архівы збіраць звесткі і пісаць пра слаўных герояў нашай мінуўшчыны.

Празаік і паэт Людміла Рублеўская падчас свайго выступу прэзентавала адразу два сваіх досыць розныя творы. Гэта гістарычны раман “Сутарэнні Ромула” (“Дзеяслоў” № 47-49 ) і “Бестыарый майго савецкага дзяцінства” (“Дзеяслоў” №53), у якім пісьменніца згадвае тыя рэчы, асобы і з’явы, якія былі дужа папулярныя ў 70-я гады яе дзяцінства.

Адметнай часткай вечарыны стаў конкурс на веданне міфалогіі “Дзеяслова”. Найлепшыя знаўцы атрымалі падарункі ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Фотаздымкі -- Алеся Сачанкі

прэсавая служба СБП