У люстэрку гісторыі падзей, духу і пачуцця

Урачыстасць зладжана ТБМ імя Ф.Скарыны і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у рамках ушанавання пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года, сярод якіх таксама Анатоль Вярцінскі і Васіль Якавенка.
Як заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, «Генрых Вацлававіч — чалавек вельмі сціплы, шырока адзначаць свой юбілей адмовіўся. Мы толькі павіншавалі яго на Радзе СБП, і гэтая вечарына фактычна першая спроба шырока адзначыць яго юбілей».
Старшыня СБП таксама адзначыў ролю Генрыха Далідовіча ў публікацыі першых твораў маладых беларускіх аўтараў у серыі «Бібліятэчка «Маладосці». Пад іх сціплымі вокладкамі выходзілі ў свет першыя кнігі самых цікавых літаратараў генерацыі «Тутэйшых»: Анатоля Сыса, Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча і іншых аўтараў.
«Без перабольшання можна сказаць, — падкрэсліў Барыс Пятровіч. — Амаль уся маладая літаратура новай, незалежнай Беларусі прайшла праз «Маладосць» і рэдактарскае вока Генрыха Далідовіча. Творчасць Далідовіча шматгранная і цікавая. Але перш за ўсё ён майстар гістарычнай прозы. У яго творчым багажы ёсць захапляльныя раманы пра ўзнікненне Вялікага Княства Літоўскага, драматычныя падзеі стварэння Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 годзе. У Генрыха Далідовіча ёсць творы, прысвечаныя паўстанню 1863 года».

Вядучая імпрэзы журналіст Эла Двінская чытае ўрыўкі апавядання Г. Далідовіча

Чытачы і прыхільнікі Далідовіча ў зале бібліятэкі імя А.Міцкевіча
Генрых Далідовіч распавёў, што да яго не аднойчы звяртаўся цёзка па прозвішчы кандыдат медыцынскіх навук Казімір Далідовіч з прапановай напісаць літаратурную гісторыю роду Далідовічаў. Але ўсё перашкаджала адсутнасць часу і свае пільныя справы. Тым не менш, Казімір Казіміравіч пры дапамозе Генрыха Вацлававіча стварылі такі радавод, згодна з якім сямейная галіна Далідовічаў пусціла карані ў пачатку XVIII стагоддзя. Гэтая навіна была сустрэта апладысментамі, бо стала прыкладам салідарнасці беларусаў, хоць і ў рамках аднаго роду.

Казімір Далідовіч — адзін з аўтараў радаводу Далідовічаў
Пісьменнік і літаратурны крытык Алесь Пашкевіч адзначыў, што для яго Генрых Далідовіч уяўляе эталон празаіка — надзвычай працаздольнага і адказнага, арганічнага ў сваіх адносінах да жыцця, сям’і, сяброў і калег, да гаспадарскіх спраў на лецішчы на Лысай гары.
На старонках дадатку да газеты «Новы час» «Літаратурная Беларусь» не так даўно былі апублікаваныя ўспаміны Далідовіча пра сваіх настаўнікаў. З вялікай павагай, душэўнай цеплынёй ён распавядае пра тых людзей, якія выводзілі ў шырокі свет яшчэ маладога Генрыха.
І кожнаму з іх — ад настаўніка беларускай мовы ў школе да свайго выкладчыка, Народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі — ён знаходзіць словы ўдзячнасці. Гэтыя людзі дапамагалі, па словах Алеся Пашкевіча, «ісці да нябёсаў, да беларускага духу і духоўнасці. Адсюль яго трылогія «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом». Пашкевіч распавёў, што юбіляр цяпер працуе над раманам пра Грунвальдскую бітву, які абяцае новыя ўражанні і адкрыцці.
«Калі гаварыць пра прозу Генрыха Далідовіча глабальна, то яе ахарактарызаваць адным словам складана. Бо яго творы – гэта гісторыя падзей, гісторыя духу і пачуцця», — адзначыў у завяршэнні А. Пашкевіч.

Агульнае фота на памяць
Сваімі ўспамінамі і шчырымі словамі віншаванняў юбіляру падзялілася з прысутнымі дачка Народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі. Валерыя Іванаўна заўважыла, што ў іх сям’і, як і ў сям’і Далідовічаў, бацькі належалі розным хрысціянскім канфесіям і гэта адпавядала талерантнаму менталітэту беларусаў. Гэтыя рысы нашых людзей адбіліся ў творчасці Генрыха Вацлававіча, знайшлі адлюстраванні ў яго аповесцях і раманах.

Валерыя Іванаўна Навуменка
Уражаннямі ад літаратурных твораў Генрыха Далідовіча падзяліўся пісьменнік Кастусь Травень, а свае ўзнёслыя вершы прысвяціла юбіляру паэтэса Ядвіга Рай.

Генрых Далідовіч і ўсе гледачы выказалі словы ўдзячнасці гаспадарам бібліятэкі імя Адама Міцкевіча і яе дырэктару Галіне Івуць за гасціннасць і добрыя справы на карысць наладжвання кантактаў паміж пісьменнікамі і чытачамі.