У магілёўскай ратушы прэзентавалі "Часоўнік"
26 снежня ў магілёўскай ратушы прэзентавалі старадрук "Часоўнік". У Магілёў прывезлі тую самую кнігу, грошы на выкуп якой з аўкцыёну збіралі ўсім светам.
На прэзентацыі дасведчаныя эксперты беларускай даўніны засведчылі важнасць і значэнне кнігі. А дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў выказаў гараджанам, якія не пашкадавалі уласных грошай на выкуп кнігі, асабістую падзяку.
Гэтая гісторыя цягнулася доўгі час. Студэнт гістфаку БДУ Андрэй Радкоў
на адным з беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнаў знайшоў старадаўнюю кнігу і не змог
застацца абыякавым. Малады чалавек загітаваў
сяброў і грамадскасць сабраць грошы на выкуп лота. Патрабавалася ўсяго $ 500. Як кажа сам Андрэй, грошы
ахвяравалі на яго рахунак у банку як беларусы (збольшага магілёўцы і мінчукі),
так і жыхары іншых краін: Расіі і Германіі. Аднак самы значны ўнёсак
зрабіў Музей гісторыі Магілёва, якому дапамог у гэтым Магілёўскі аблвыканкам. Дырэктар
музея гісторыі Магілёва і Андрэй адпачатку дамовіліся, што кніга пасля выкупу
будзе накіравана ў музей. Так яно і здарылася.
Наведнікі прэзентацыі "Часоўніка" маглі не толькі паглядзець на старадаўнюю кнігу, але і пагартаць яе. Кіраўнік аддзела публікацый дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітры Яцкевіч расказаў прысутным пра кнігу. "Часоўнікамі" называлі богаслужбовыя кнігі, у якіх змяшчалі песні, малітвы, набажэнствы, каноны і інш. "Часоўнік", які трапіў у Магілёў, унікальны з многіх прычын. Па-першае, кніга гэтая была выдадзена ў магілёўскай брацкай друкарні. На сённяшні дзень у музеях Магілёва не было аніводнага выдання гэтай друкарні. Па-другое, "Часоўнік" выйшаў як падпольнае выданне, бо выдалі яго ў 1773 годзе стараверы, дзейнасць якіх на той час была забароненая (Магілёўская губерня ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 адышла Расійскай Імперыі).
"Часоўнік"
складаецца з 307 старонак. У выходных дадзеных пазначаны год выдання - 1713. Аднак экспертыза паказала, што
старонкі гэтай кнігі, пачынаючы з 270, былі надрукаваныя ў 1773 годзе.Пераплецена кніга была ў 19 стагоддзі. Самыя раннія запісы на палях
датуюцца 1789 годам, самыя познія — 1839 годам. Захаванасць кнігі ў цэлым
добрая, хіба толькі трохі парэпалася скура на вокладках, папера ў плямах,
старонкі паеў жучок. На сённяшні дзень у Беларусі
маецца тры асобнікі дадзенага выдання: у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і ў
Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа, а цяпер —
і ў Музеі гісторыі Магілёва.
На прэзентацыі
прысутнічаў і ініцыятар збору сродкаў на старадрук студэнт гістарычнага
факультэта Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэта Андрэй Радкоў.
Магілёўскі
старадрук — другі, які выкупілі талакой з яго ініцыятывы. Летась
дзякуючы Радкову ў Беларусі засталася метрычная кніга Ішкальдскага манастыра.
Андрэй Радкоў
“Я не хачу выглядаць дужа пафасным чалавекам, але сэрца мне падказала зрабіць менавіта гэтак… У кніжцы – гісторыя пакут старавераў, людзей, якія адстойвалі свае рэлігійныя погляды, адстойвалі права быць вернымі традыцыям. Стараверы вымушаны былі ўцякаць у наш край, і яны зрабілі добры ўнёсак у гісторыю й культуру нашага народа. Яны сталі часткай нас саміх”, — зазначае Андрэй Радкоў.
Дырэктар музея гісторыі
Магілёва Аляксей Бацюкоў паабяцаў, што ў экспазіцыі музея кніга з'явіцца ўжо ўвесну
2012 года. Паводле яго слоў, музей
збіраецца працягнуць пачатае, г.зн. і далей выкупляць гістарычныя
каштоўнасці агульнымі сіламі. У бліжэйшай будучыні дырэкцыя
музея гісторыі Магілёва збіраецца адкрыць рахунак у банку для ахвяраванняў —
такім чынам будзе лягчэй выкупіць рэліквіі, каштоўныя для горада.
Паводле 222.by і svaboda.org