У музеі Максіма Багдановіча адновяць экспазіцыю

Музэй Максіма Багдановіча ў Менску

Зьміцер Яцкевіч, дырэктар музэю гісторыі беларускай літаратуры, у структуру якога на правах філіі ўваходзіць музэй Багдановіча, сказаў Свабодзе, што 9 сьнежня ў музэі Багдановіча пройдзе адкрыцьцё адноўленай экспазыцыі, якая не працавала больш за 5 год. На імпрэзе «будуць вышэйшыя асобы, пачынаючы ад віцэ-прэм’ераў, намесьніка старшыні адміністрацыі, міністраў». Пасьля пройдзе чытаньне вершаў і ўскладаньне кветак да помніка Багдановічу.

Прэс-сакратар Міністэрства культуры Ілона Немава пацьвердзіла, што ў музэі будзе ўрачыстае адкрыцьцё экспазыцыі, а таксама экскурсія з аповедам пра жыцьцёвы і творчы шлях паэта. Пэўна будзе ўдзельнічаць міністар культуры, пра іншых удзельнікаў прэс-сакратар міністэрства «дакладна ня можа сказаць».

Тым часам юбілей будуць адзначаць 8 сьнежня з 12 да 18 гадзіны ў бібліятэках Менску акцыяй «Паэтычны вянок». 10 сьнежня ў Вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі пакажуць м’юзыкал-прыпавесьць «Апокрыф» паводле аднайменнага твору Багдановіча. А ў дзень народзінаў паэта, 9 сьнежня, рух «За свабоду» заклікае зладзіць а 19-й гадзіне літаратурныя чытаньні пад менскім помнікам паэту.

Радыё Свабода