У пошуках залатой сярэдзіны — «Анаталогію» прэзентавалі ў Мінску (ФОТА)

Паэт і празаік, літаратуразнаўца, адказны сакратар часопіса "Дзеяслоў" Анатоль Івашчанка, які быў вядоўцам вечарыны, не дэкламаваў тэкстаў з кнігі "Анаталогія", пакінуўшы чытачам мажлівасць прачытаць іх непасрэдна ў зборніку.

Анатоль Івашчанка

Барыс Пятровіч

Заміж гэтага аўтар выконваў песні пад гітару (рэпертуар складаўся як з аўтарскіх песень, так і з перакладаў на беларускую мову рок-выканаўцаў Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Умкі ды іншых герояў праекта Дзеяслоўскай рок-анталогіі) і запрашаў узяць слова сваіх сяброў і старэйшых калег.

Алесь Пашкевіч

Адмысловую ролю ў станаўленні Анатоля як творцы адыграла праца ў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і часопісе "Дзеяслоў". З вялікай цеплынёй пра спадара Івашчанку і яго кнігу выказаліся Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", галоўны рэдактар "Дзеяслова" Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні СБП, літаратар Алесь Пашкевіч.  

Калі ў сваіх выступах пісьменнікі Наталка Бабіна і Уладзімір Сіўчыкаў больш засяродзіліся на сяброўстве з Анатолем, на ўражаннях ад яго асобы як прыемнага чалавека і добрага сем'яніна (у Івашчанкаў трое дзетак), то Сяргей Дубавец закцэнтаваўся на кнізе "Анаталогія".

На меркаванне спадара Сяргея, кніга сама па сабе размаітая, у яе ўвайшло ўсё, што было напісана аўтарам -- апавяданні, запісы, замалёўкі, эсэ, -- і з гэтага можна прасачыць шлях героя ад школьных і студэнцкіх гадоў да сталасці і ўваходжання ў дарослае жыццё, але не паўсюль адчуваецца цэласнасць.

"Аўтар толькі шукае сябе ў прозе, і хочацца, каб ён праяўляў сябе і надалей, агаляючы ў творах драматызм жыцця і паказваючы сапраўды тое, што яго чапляе за жывое, хвалюе, як у апавяданнях "Сын палка" і "Апавяшчальнік"", -- адзначыў спадар Дубавец.   

Алесь Пашкевіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Алесь Камоцкі

Спявае Анатоль Івашчанка

Наталка Бабіна

Сяргей Дубавец

Уладзімір Сіўчыкаў

Арцём Сітнікаў

Арцём Сітнікаў і Багдана Куталоўская

Музыканты Арцём Сітнікаў і Багдана Куталоўская адыгралі сэт, цягам якога прагучалі песні Боба Дылана, Барыса Грэбеншчыкова ў перакладзе на беларускую мову.

Аўтограф ад Анатоля Івашчанкі

Завяршыўся вечар аўтограф-сесіяй Анатоля Івашчанкі.

Больш фота на нашай старонцы ў ФБ

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org