У пошуку (сама)тоеснасці: рэцэнзія на кнігу Макса Шчура

Шчур М. Ліст, знойдзены на папялішчы: апавяданні. – Познань: Белы Крумкач, 2011.

 

Творчай свядомасцю мы будзем менаваць інтэлектуальную прыладу, здольную выдаваць новыя паведамленні. Новымі ж паведамленнямі мы будзем лічыць такія, якія не могуць быць выведзеныя адназначна пры дапамозе якога-кольвечы зададзенага алгарытму з нейкага іншага паведамлення.

Ю. Лотман

Дэканструкцыя і потым

Ліст, знойдзены на папялішчы – паводле аднайменнага апавядання Макса Шчура, якое дало назву кнізе, – гэта ўсё, што засталося ад нашай цывілізацыі пасля заходу пятага сонца і канца майскага календара (адпаведна якому знаёмы нам свет мусіў скончыцца ў снежні 2011).

 

Або адзін са шматлікіх лістоў, якія ніколі не знаходзяць свайго адрасата і апынаюцца абы-дзе (напрыклад, на папялішчы).

 

Або аб’ект для экспертызы камісіі, якая расследуе пажар у вар’ятні. 

 

Не выключаныя і іншыя варыянты, а таксама камбінацыі названых варыянтаў міжсобку і з неназванымі варыянтамі. Закладзеная ў тэкстах шматвектарнасць дазваляе крытыку-чытачу сваволіць, разрывацца на часткі, пераносіцца ў любую кропку тэкставай прасторы й  часу і нават банальна паўтараць за аўтарам, маўляў, “гэтая кніга – вынік стомленасці ад літаратуры”: калі іншага канца свету не будзе і ўсё высокае ды глыбокае ўжо дэканструявана, застаецца складаць з абпаленай цэглы новыя сцены на свае патрэбы.

 

У кнізе 15 твораў, улучна з аўтарскай прадмовай і паслямовай Ю. Сальнікавай.

 

Е-621

У тэкставым будаванні Макс Шчур выяўляе сябе абазнаным і ў тэорыі – аматары курсаў па creative writing парадуюцца п’яным братам Шоўноттэл і Тэлнотшоў, нашчадкам банкрутаў Наратыву й Дэскрыптыву – і ў практыцы: у прадмове (“Ад аўтара, або Апошняе папярэджаньне”) абяцаецца, што сюжэт будзе ўжывацца мясцова, дазавана і па меры неабходнасці для “залежнага ад сюжэтнага “глютамату натрыя” сучаснага чытача”. 

 

На многіх паваротах сюжэту глютанутаму крытыку карцела запляскаць у ладкі. 

 

Возьмем для дэманстрацыі аповед “Экспедыцыя ў Шынан”. Герой знаходзіць сябе ў кампутарнай гульні, у якую граў апошнія некалькі тыдняў, дажываецца там, у феадальнай Японіі, да таго, што і віртуальны партвэйн яму смакуе, пасля чаго вырушае насустрач адзіна магчымага выхаду з гульні – смерці. І сапраўды – прачынаецца каля ўключанага кампутара, тут можна было б ставіць кропку, памянуўшы Прынца Гасплана і іншых нячысцікаў, але: 

 

“Павярнуўшы галаву, я ўбачыў, што над маім ложкам стаіць апрануты ў чорнае ніндзя”.

 Дробачка – а прыемна.

…практыка, практыка, адказаў Напалеон

Кніга нагадвае альбом вучня мастацкай акадэміі, які старанна капіруе работы майстроў, вывучае жанры, стылі, кампазіцыю – вось толькі выходзіць у яго неяк па-свойму (што ўсяляе далёкасяжныя спадзяванні). 

 

Тры тэксты нават аб’яднаныя ў раздзел “Жанравыя практыкаванні”, але бадай што кожны выпечаны на адмысловай жанравай патэльні. Маем:

 

- аповед, загрыміраваны пад фельетон з дэканструкцыйным постскрыптумам (“Твар”); 

- надзеты на сюжэтны стрыжань і змацаваны бялковым крэмам маналог жанчыны (якая нагадвае Пенелопу не больш, чым Моллі Блум, гл. “Спажывец”); 

- нататкі даследніка фальклору з постскрыпцыйным дэмантажом ключавога аб’екта (“Паэтка”).

 

Маецца таксама:

 

- дэтэктыў навыварат (“Звяз патрыётаў”),

-   эпісталярый з цягай да артэфакт-дэтэктыву і нон-фіналам (“Ліст, знойдзены на папялішчы”), 

- дзённік з каментаром у двух варыянтах (“Дзённік аднаго падарожжа”), 

- дружаскае жызнеапісаніе (“Сірога і я”), 

- верш з каментаром, у які ўваходзіць ліст (“Анэйрычная дыталёгія”), 

- кароткая гісторыя ў датах, 

- энцыклапедыя Бататуйскай літаратуры, якую можна чытаць як гіпертэкст кшталту “Слоўніка” Павіча, 

 

ды іншыя.

 

Стылістычныя практыкаванні можна ўмоўна падзяліць на блокі:

 

1) перайманне стылістыкі аднаго аўтара/кірунка цягам апавядання (“Згіджанасць”) і

 

2) стварэнне тэксту/аў (пад) іншага/ых літаратара/ў з наступным яго/іх аналізам (“Паэтка”, “Дзённік аднаго падарожжа”).

 

Сумяшчэннем абодвух метадаў будзе “17 імгненьняў музы, альбо Бататуйская літаратура ХХ стагодзьдзя ад “А” да “Ю”, дзе падаюцца прыклады тэкстаў бататуйскіх класікаў (адны псеўданімы ды назвы іх кніг чаго вартыя: Янка Волат, аўтар нізак “Возгры” (1952), “Сплюнь на Парыж” (1956), “Капец надзеі” (1959) і іншых). Сам энцыклапедычны іх стыль наскрозь парадыйны:

 

“…рана далучыўся да камуністычнага руху і нейкі час быў песняром калектывізацыі ў Бататуі, пакуль у 1938 годзе яго ўрэшце не арыштавалі паводле абвінавачваньня ў празмернай стараннасці”;   “…выдавец найбуйнейшай эмігранцкай газеты “Ня ваша дзела”, якая выходзіла на створаным ім самім варыянце бататуйскай мовы”;  “…у якасці дзейных асобаў выступаюць Сава, Заяц і Воўк, хаця любому чытачу зразумела, што гаворка вядзецца зусім не пра захаваньне айчыннай фаўны”. 

Нашэцкі мацерын гамон

Паколькі само пісьмо ўвесь час пад увагай, не дзіўна, што мова перыядычна ператвараецца з інструмента ў саўдзельніцу. Пасля ўсіх прыўкрасных танцаў азначальнікаў, якімі падарыў канец ХХ ст., заканамерна паўстае пытанне пра азначанае. Спробы ўслухацца, куды вядзе слова, могуць даваць у Шчура камічны эфект:

 

“…працаваў у страхавым бізнэсе (паводле адных сведчанняў, падстрахоўваў маладзенькіх гімнастак у цырку “Гран Гіньёль”, паводле другіх – займаўся кладкай стрэхаў, паводле трэціх – пад ягонай страхой на Манмартры буяў гандаль бататуйскімі сувенірамі”, 

 – што, аднак, не  скасоўвае абавязку запаволіць чытанне (калі не казаць “остраниться”) і сканцэнтравацца на тым, ЯК гэта робіцца. Зрэшты, ліць з мовы залатога цяльца аўтар пакідае іншым (скажам, бататуйцу Пятро Варштату, стваральніку выразаў “нашэцкая татуйшчына, нашэцкі мацерын гамон” (=наша бацькаўшчына, наша матчына мова)), а сам бавіць чытача жартаўлівымі двухсэнсоўнасцямі:  напрыклад, войска ў працяглай аблозе, усіх коней з’елі, выпраўляюць ганца да саюзнага генерала:

 

“…хай адразу ж высылае сюды кавалерыю! А то мы ўжо тут згаладаліся… па перамозе…”, -

і паранімічнымі гульнямі:

 

- унутры нарматыўнай мовы:  

“пудзілападобны пудзель”

 

- на мяжы нарматыўнай і піджын-мовы:

 

“Сірога сам даўно пагражае разрадзіцца вялікім раманам, які канчаткова пакажа ўсім няверуючым, што не перавяліся яшчэ ягады ў ягадзіцах: трускалкі ў трусах, чарніцы ў чарнусе, парэчкі ў парнусе, суніцы ў фарсунках, клубніцы між клубоў, дурніцы ў вясковых клюбах і самагонка ў самагонных апаратах, а таксама кроў з малаком – у мясамалочных прадуктах”

 

- між розных моў:

 

“Запрашаю вас на піццу… - Ну, не хацелася б адразу па прыездзе напівацца… А вось пад’есці…”;
 “Крычыць, каб… даставаў сваю наваху… - Куды ты мяне паслаў?..”;
 “Нас чакае галоўная бітва! Фа-Шы ня пройдзе!” (у Японіі)

 

- між прэцэдэнтамі розных пластоў культуры: у якасці гімну паралімпійскіх гульняў ухваляецца песня “Пара-пара-парадуемся”, з мэтай стаць сябрам ПАР “галандскі стралок цыгарэт Хавнох калечыць сам сябе – адразае сабе вуха”, патрон руху ПАР – Тулузер-Вэлятрэк.

 

Дазволім сабе крыху адарвацца ад тэксту і згадаем, што Макс Шчур – адзін з перакладнікаў вядомага майстра слоўных гульняў Льюіса Кэрала. Ператварэнне “Алісы” ў “Алесю” выклікае ў многіх унутраную нязгоду – але, па-першае, хай будзе паболей перакладаў харошых і розных, і па-другое, Кэрал для пісьменніка нібы той Луўр для вучня акадэміі жывапісу.

Тэматычныя кіты і тэорыя ўзаемадзеяння культур

 

Эміграцыя і літаратура – у розных варыяцыях – асноўныя тэмы кнігі,

 

да якіх з пэўнай доляй ваганняў можна дадаць гендэр. 

 

Але ўсе яны стаяць на адной чарапасе – пошуку тоеснасці. 

 

Пол, нацыянальнасць, краіна прыжывання, мова, эпоха – усе яны толькі часткова вызначаюць чалавека. Адно за адным аўтар перабірае гэтыя вымярэнні і, як той калабок, збягае ад бабы з дзедам, ці то не жадаючы быць канчаткова вызначаным і з’едзеным (ужытым, між іншым, па прызначэнні), ці то хоча стаць заслужаным майстрам "ліючайся формы" поруч з Сяргеем Балахонавым; увогуле, што да ўпісанасці М. Шчура ў кантэкст сучаснай беларускай літаратуры, – гл. паслямову Ю. Сальнікавай. 

 

Якую мы маем практычную карысць ад гэтых пісьменніцкіх пошукаў і ўцёкаў? 

 

Ну, па-першае, у беларусаў з саматоеснасцю ёсць такія-сякія праблемы.

 

Па-другое, стылістычная разнастайнасць нашай літаратуры не зашкодзіць. 

 

Па-трэцяе, падчас свайго пакутлівага пошуку аўтар уздыблівае велізарныя пласты іншых культур, прыцягваючы іх у нашу, свараючы тое “чужое”, “іншае”, што, водле Лотмана, неабходна для творчага мыслення і памяншае прадказальнасць культурнага працэсу ў ходзе яго гістарычнага развіцця. 

 

Што да моўных, інтэртэкстуальных ды іншых інтэлектуальных гульняў, якія суправаджаюць усё гэта свята прысабечвання чужога ў пошуку свайго – чаму б гумару не стаць нашай вызначальнай рысай? Тым больш што ўжо вядуцца даследзіны “ролі гумару ў падвышэнні нацыянальнай самасвядомасці бататуйцаў”…


Маргарыта Аляшкевіч, bellitaward.blogspot.com