У шорт-лісце літаратурнай прэміі Angelus — дзве беларускі

Сярод сямі кніг-фіналістаў шостай літаратурнай прэміі Цэнтральнай Еўропы
Angelus, заснаванай горадам Вроцлавам, — дзве беларускія. Гэта раманы
“Рыбін горад” Наталкі Бабінай і “У вайны не жаночае аблічча” Святланы
Алексіевіч.
Акрамя беларускіх аўтарак у кароткі спіс прэтэндэнтаў на
статуэтку Angelus і 150 тысяч злотых трапілі кнігі Ені Эрпенбека
(Германія), Драга Янчара (Славенія), Ісмаіла Кадарэ (Албанія), Марыі
Маціяс (Украіна) і Войцеха Тохмана (Польшча).
Усяго да разгляду журы сёлета было прадстаўлена 52 аўтары.
Пераможца сёлетняй літаратурнай прэміі Angelus будзе названы 3 снежня ў Вроцлаве.
Літаратурная прэмія Цэнтральнай Еўропы Angelus прысуджаецца за найлепшыя
кнігі, выдадзеныя па-польску. Выдаўцы могуць прадставіць творы жывых
аўтараў з 21 краіны Цэнтральнай Еўропы. Прыз складаецца са статуэткі
Angelus і чэка на 150 тысяч злотых. Узнагароду таксама атрымлівае
перакладчык у памеры 20 тысяч злотых.
Беларуская кніга ўжо трапляла ў кароткі спіс намінантаў на Angelus: у 2009 фіналістам быў названы раман Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і яго цені”.