У слонімскай гімназіі ўспаміналі рэпрэсіраванага паэта

У гады Першай сусветнай вайны сям’я Сяргея Дарожнага была ў бежанстве ў Варонежы. З 1921 года паэт выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі (аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча). У 1924 годзе паступіў у Мінскі педагагічны беларускі тэхнікум. А ў 1926 годзе выйшла яго першая паэтычная кніга “Звон вясны” (сумесна з І.Плаўнікам). Быў членам літаб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”.

У 1930 годзе Сяргей Дарожны скончыў БДУ (у час вучобы быў выключаны “за сокрытие социального происхождения” свайго бацькі, які ў той час жыў у Польшчы, і аб чым паведаміла газета “Звязда”, але потым змог аднавіцца). Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам часопіса “Работніца і сялянка Беларусі”, на радыё, адкуль быў звольнены за “сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону, нарачытае змазванне ролі партыі ў барацьбе з контррэвалюцыйным нацдэмакратызмам, паклёп на палітыку партыі на вёсцы”.

У 1934 годзе Сяргея Дарожнага прымаюць у Саюз пісьменнікаў БССР. З друку выходзяць ягоныя зборнікі паэзіі “Васільковы россып” і “Пракосы на памяць”. Летам 1936 года слонімскага юнака арыштоўваюць супрацоўнікі ДПУ БССР. Пасля арышту ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога збіраў матэрыялы для кнігі. Накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе і загінуў. Рэабілітавалі паэта пасля смерці ў 1957 годзе.

Пра ўсё гэта на вечарыне прыгадвалі гімназісты, настаўнікі і слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын, які распавёў пра лёс Сяргея Дарожнага, паказаў прысутным рэдкія здымкі паэта, выданні, дзе ён друкаваўся.

Загадчыца Слонімскай гарадской дзіцячай бібліятэкі Людміла Мазюк пазнаёміла гімназістаў з выставай, прысвечанай паэту, а тыя ў сваю чаргу прачыталі яго вершы на памяць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім