У суботу 24-га ў Мінску пачнецца фестываль Януша Корчака

Да 70-х угодкаў смерці вядомага польскага пісьменніка і легендарнага педагога Януша Корчака ў выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі выйшаў 3-томнік для дзяцей і падлеткаў.

Гэтае выданне — абноўленыя і дапоўненыя пераклады кніг “Кароль Мацюсь Першы” (пераклала Ядвіга Бяганская) і “Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве” (пераклаў Уладзімір Васілевіч), а таксама першае беларускае выданне кнігі “Кайтусь-чарадзей” (пераклала Марына Шода). Ілюстрацыі да трохтомніка зрабіла мастачка Настасся Атраховіч.

 

Таксама ў Мінску пройдзе шэраг мерапрыемстваў, звязаных з імем пісьменніка. 

 

24 лістапада (субота) у галерэі сучаснага мастацтва “Ў” і кнігарні “логвінаЎ” (пр. Незалежнасці, 37А) пройдзе дзіцячы ранішнік “Кароль Мацюсь назаўжды”. 

У праграме:

- прагляд урыўкаў польскага мюзікла “Януш Корчак”;

- мастацкія чытанні пра прыгоды караля Мацюся і Кайтуся-чарадзея ад акторкі Ганны Хітрык;

- пачастунак для дзяцей. 

Вядоўца ранішніка — Андрэй Хадановіч. 

Пачатак а 14-й. 

Уваход вольны.

 

27 і 29 лістапада ў другім корпусе гатэля “Мінск” (пр. Незалежнасці, 11), у навучальнай зале №609, адбудуцца адкрытыя лекцыі па гісторыі педагогікі і дзейнасці Януша Корчака з удзелам прафесара Анджэя Яноўскага. 

Мадэратарка — Інэса Кур’ян.

 

Пачатак абедзвюх лекцыяў у 18.30. Запрашаюцца ўсе ахвотныя.

 

28 лістапада (серада) творы Януша Корчака прэзентуюць студэнтам педуніверсітэта імя Максіма Танка (Савецкая, 18, актавая зала, другі паверх). У імпрэзе возьме ўдзел польскі прафесар педагогікі Анджэй Яноўскі, перакладчыкі Інэса Кур’ян і Уладзімір Васілевіч, а таксама нашчадкі перакладчыцы Ядвігі Бяганскай. 

Вядоўца імпрэзы — Марына Шода. 

Пачатак аб 11-й.

 

Януш Корчак — доктар, педагог, пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, афіцэр польскага войска. Педагог-наватар, аўтар публікацый па тэорыі і практыцы выхавання. Пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей і абсалютнага раўнапраўя дзяцей. У якасці дырэктара дзіцячага дому стварыў, між іншым, дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы і маглі прыцягваць да суду сваіх выхавальнікаў. 

Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс, які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі, і разлічаныя галоўным чынам на юнага чытача — “Малы агляд” (Mały Przegląd). Ён быў адным з пачынальнікаў даследаванняў у галіне развіцця і псіхалогіі дзіцяці, а таксама выхаваўчай дыягностыкі. 

Польскі габрэй, ён усё жыццё казаў пра сваю прыналежнасць да абодвух народаў.

 

prajdzisvet.org