У выдаўца Ігара Логвінава адклікаюць ліцэнзію за альбом "Прэс-фота"

Ліцэнзія адклікаецца нібыта «ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні». Гаворка ідзе пра выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013».

«Мы лічым, што пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна, са шматлікімі парушэннямі, і таму мы ўжо накіравалі адпаведны ліст Міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму», – лаканічна каментуюць падзею ў выдавецтве.

«Хачу звярнуць увагу і на тое, што пры разглядзе справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі альбома «Прэс-фота-2011» выдавецтва наогул не было прыцягнута да працэсу. А зараз рашэнне таго суда называюць падставай для пазбаўлення яго ліцэнзіі, – падкрэслівае юрыст Андрэй Бастунец. – У выпадку, калі міністэрства не перагледзіць свайго рашэння, я бачу судовы шлях вырашэння гэтай спрэчкі».

Ніколі раней не было прэцэдэнтаў, каб зачынялі выдавецтва, кніга якой была прызнана экстрэмісцкай. Зрэшты, ніколі раней таксама не прызнавалі экстрэмізмам падборку найлепшых фатаграфій года, сабраную аўтарытэтным журы.

Міжнародная грамадскасць выказала занепакоенасць гэтай сітуацыяй і накіравала зварот у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 

nn.by