У выдавецтва «Галіяфы» — 5 новых кніг

Віктар Жыбуль. «Дзяцел і дупло»

«Дзяцел і дупло» — напэўна, самая вясёлая з выдадзеных на сёння кніг паэта-авангардыста і перформера Віктара Жыбуля. Многія вершы, якія склалі яе, неаднойчы гучалі на паэтычна-музычных вечарынах і слэмах у адметным аўтарскім выкананні і паспелі заваяваць прыхільнасць аўдыторыі. Іронія, гратэск, чорны гумар, давядзенне да абсурду, гульня словаў і сэнсаў здольныя не толькі выклікаць усмешку, але нярэдка і прымусіць задумацца над рознымі праявамі нашай зменліва-зманлівай рэчаіснасці.

Выданне аздоблена фотаздымкамі з тэатральна-мастацкіх акцый і перформансаў з удзелам Віктара Жыбуля.

8 снежня ў 18:00 у кнігарні «Галіяфы» (вул. Няміга, 3, цокальны паверх, пав. 66) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Дзяцел і дупло». У ёй возьмуць удзел Андрэй Хадановіч, Віктар Лупасін, Серж Мінскевіч, Зміцер Вішнёў і, само сабой, Віктар Жыбуль.

«Наш дом / Our Home. Беларуска-англійскі слоўнік у малюнках».Трацякова Алёна, Зенька Наталля

Візуальны слоўнік «Наш дом / Our Home» мае на мэце дапамагчы ў засваенні лексікі паводле прынцыпу «хочаш запомніць — пабач на свае вочы».

Слоўнік тэматычны: ён змяшчае больш за 2 000 беларускіх і англійскіх слоў і выразаў, якія абазначаюць часткі жылых будынкаў, разнастайныя хатнія справы, гаспадарчыя прылады і іншае — тое, што атачае нас кожны дзень.

Выданне прызначанае для дзяцей і дарослых, для беларусаў і замежнікаў, для тых, хто вывучае або хоча паглыбіць сваё веданне сучаснай беларускай і/або англійскай мовы.

Хуан Мануэль Маркас. «Зіма Гюнтэра»

Хуан Мануэль Маркас — чалавек-легенда, парагвайскі пісьменнік, паэт, навукоўца, лідар і тэарэтык літаратурнага накірунку пост-бум, з якім звязваюць другую хвалю ўздыму лацінаамерыканскай літаратуры.

Раман Маркаса «Зіма Гюнтэра» (1987) у свой час выклікаў эфект бомбы ў літаратурным свеце. Гэта рэзкі пратэст супраць дыктатуры, любога гвалту над пачуццямі, перакананнямі і лірычная песня прыгажосці, каханню, чалавеку.

Сюжэт рамана заснаваны на трагічных падзеях біяграфіі самога аўтара, які з 1973 па 1987 гады падвяргаўся пераследу праз свае палітычныя перакананні і больш за дваццаць год быў вымушаны жыць у выгнанні, у Еўропе і Амерыцы.

Раман «Зіма Гюнтэра» перакладзены больш чым на 30 моваў свету.

Альгерд Бахаревич. «Белая муха, убийца мужчин»

Самы феміністычны раман у беларускай літаратуры апошніх гадоў (па меркаванні крытыкаў), гісторыя жаночай банды, «дзевак без цара ў галаве», якія кінулі выклік патрыярхальнаму грамадству, цяпер выходзіць на рускай мове. Пераклад выканаў сам Альгерд Бахарэвіч.

Раман атрымаў вялікую колькасць пазітыўных водгукаў і 2-е месца сёлетняй Прэміі імя Ежы Гедройца.

Уладзімір Несцяровіч. «Эпоха русалкі»

Гэтая вершаваная кніга для дзяцей і падлеткаў вучыць бачыць у зусім звычайных з’явах зусім незвычайнае. Уладзімір Несцяровіч спрабуе паказаць тое, што непадуладна звычайнаму воку… Прыгодніцкая паэма «Эпоха русалкі» прысвечана той сіле, што фарміруе ў чалавеку сталасць.

Калі ў пачатку твора юныя Алесь і Пятрусь гатовы наіўна і бесклапотна ганяцца за качанятамі, у далейшым, падчас іх доўгага і небяспечнага падарожжа, ім прыйдзецца ўпершыню самастойна прымаць дзёрзкія, смелыя рашэнні ў безвыходных абставінах і такім чынам атрымаць сваю долю жыццёвай мудрасці, такой неабходнай кожнаму з нас.

Большасць з гэтых кніг ужо можна замовіць на сайце выдавецтва «Галіяфы» www.halijafy.by.

"Наша Ніва"