У выдавецтве Андрэя Янушкевіча выйшла з друку кніга, прысвечаная бітвам пад Клецкам у 1506 і 1706 гадах

Разгром крымскіх татар пад Клецкам у 1506 г. харугвамі войска ВКЛ пад камандаваннем князя Міхаіла Львовіча Глінскага стаў у пэўным сэнсе знакавай падзеяй пачатку XVI ст. Пра гэту перамогу добра ведалі сучаснікі, пра яе не забыліся нашчадкі.

Бітва паміж шведскімі аддзеламі і расійска-ўкраінскім корпусам, якая адбылася 19 красавіка 1706 г., застаецца малавядомым эпізодам Паўночнай вайны. Нават спецыялісты мала што могуць пра яго сказаць.

Часткова такое адрознае стаўленне да гэтых падзей можна зразумець. У 1506 г. з паўднёвымі агрэсарамі біліся нашы продкі, у бітве вырашаўся лёс нашых зямель. Сваіх блізкіх чакалі з паходу ў Наваградку, Лідзе, Менску…

У 1706 г. на нашай тэрыторыі зводзілі рахункі паміж сабой больш моцныя і агрэсіўныя суседзі. Перамога, якую здабылі шведы, прынесла славу чужой зброі. Наўрад ці ў Менску, Ваўкавыску ці Слоніме моцна бедавалі з такой нагоды. Тым не менш, падзеі трохсотгадовай даўніны — таксама частка нашай гісторыі. Бітва паміж шведскімі і расійска-ўкраінскімі злучэннямі вясною 1706 г. стала кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Вялікай Паўночнай вайны.

У дадатках да кнігі змешчаны шэраг малавядомых дакументаў XVI і XVIII стст., некаторыя з якіх друкуюцца ўпершыню.

Кнігу можна набыць у найлепшых кнігарнях Мінска і Беларусі, а таксама ў інтэрнэт-крамах.

Паводле прэс-рэлізу