У вёсцы Капланцы адзначылі дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Перад навучэнцамі і настаўнікамі школы ў Капланцах выступілі музыкі Раман Яраш і Віктар Сямашка з песнямі на словы Уладзіміра Караткевіча. У сваю чаргу школьнікі прачыталі свае любімыя вершы паэта.

Гледачы прынялі ўдзел у віктарыне, прысвечанай памяці Караткевіча і гісторыі вёскі Капланцы на прызы культурніцкай праграмы “Будзьма беларусамі!”. Сам Караткевіч любіў гісторыю Беларусі і заклікаў пісаць кнігі кожнаму, каму ёсць, што сказаць аб слаўнай мінуўшчыне. Такі заклік прагучаў і падчас віктарыны. Хто ведае, мо, і сярод прысутных сядзелі будучыя класікі беларускай літаратуры? Бо да гонару школьнікаў правільныя адказы даваліся хутка, часам дзецям дапагалі веды з прадметаў гісторыі Беларусі і фізікі.

Паспрабуйце і вы праверыць свае веды, адказаўшы на наступныя пытанні:

Якому знакамітаму дзіцячаму паэту малы Караткевіч напісаў ліст і атрымаў адказ?

Караткевіч марыў напісаць шмат тамоў казак на падставе беларускага фальклёру і ў стылі аднаго сусветна вядомага казачніка. Якога?

Як называлася тэлеперадача, якую Караткевіч вёў на Беларускім тэлебачанні?

Колькі вершнікаў было ў Дзікам паляванні караля Стаха?

У якую гульню іграў са Смерцю Гервасій Выліваха ў аповесці Караткевіча “Ладдзя роспачы”?

Дзе Антон Косміч знайшоў цыдулку аб скарбах, схаваных у Чорным замку Гальшанскім?

Адкуль браліся прывіды ў Чорным замку Гальшанскім?

Чаму Капланцы так называюцца?

У якім стагоддзі ў Капланцах была пабудавана царква?

Які ласунак зрабіў Капланцы знакамітым напачатку ХХ ст.?

Капланская школа славіцца музеем, дзе сабраны рэчы і памяткі аб слынным кампазітары Міколе Равенскім, які нарадзіўся ў гэтых мясцінах. Таму не дзіўна, што закончылася імпрэза выкананнем духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсеньевай, пакладзеныя на музыку Равенскім.

У планах школы ўсталяваць памятную шыльду і пераназваць вуліцу ў Капланцах ў гонар кампазітара.

budzma.by