У віцебскі музей перадалі новыя фотаздымкі Барадуліна і Быкава

Сярод фатаграфій – тры партрэты Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна (2005 год), а таксама партрэты Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава рознага перыяду жыцця: перад ад'ездам у Хельсінкі (1998 год), у гасцях у драматурга Мікалая Матукоўскага (2000-2001 гады), з Рыгорам Барадуліным (май 2003 год). Аўтар здымкаў – журналіст Сяргей Шапран.

Рыгор Барадулін на здымку 2005 года, ніжэй — подпіс з адваротнага боку. Фота: Сяргей Шапран


Увагу прыцягнуў надпіс на адваротным баку здымка з выявай Рыгора Барадуліна: "А гэта я яшчэ жывы!". Фатаграфія зроблена ў 2005 годзе. Як не ўзгадаць радкі верша: "Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём..." 

Сёння Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава няма сярод жывых. Але яны ёсць у Беларусі. Як ёсць Максім Багдановіч, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя. 

Здымкі Сяргея Шапрана плануецца прадставіць на выставе, якая адбудзецца напрыканцы мая ў віцебскім краязнаўчым музеі з нагоды 90-гадовага юбілею Васіля Быкава.

Васіль Быкаў у гасцях у Мікалая Матукоўскага. 2000-2001 гады. 
Фота: Сяргей Шапран

Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Травень 2003 года. Фота: Сяргей Шапран

Васіль Быкаў. 1998 год. Фота: Сяргей Шапран

Вольга Давідоўская, Vitebsk4.me