У віцебскай паэткі Алены Гінько выйшла новая кніга

Кніга «Я думала душой…», якая выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор», для Алены Гінько — трэцяя ў яе бібліяграфіі. Аўтарка ўжо мае вершаваныя зборнікі “Самотная птушка” і “Пяшчота пры журбе”.

Алена Гінько — паэтка, ураджэнка Пастаўшчыны, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, жыве і працуе ў Віцебску выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2001 года.

Як можна меркаваць з назваў кніг, у цэнтры ўвагі аўтаркі — інтымная лірыка, якая перадае ўсю гаму чалавечых пачуццяў. Кранальная шчырасць і непасрэднасць у выяўленні эмоцый — тое, што будзе блізкім кожнаму чытачу. Асабліва жанчынам — бо многія вершы апісваюць пачуццёвы досвед лірычнай гераіні, якая шукае сваё каханне.

***

Ах, як доўга чакала я Вас!..

Ледзь агеньчык надзеі не згас.

Аддаляліся берагі,

і глыбелі азёры тугі.

Нахілялася неба ніжэй,

да зямлі прыціскала бліжэй.

А да сіняе птушкі — сусвет.

…І змрачнеў, і чарнеў белы свет.

Дый малітва гучала не раз,

каб агеньчык надзеі не згас.

…На якой жа з жыццёвых дарог

той адзіны, што веру збярог?

 

“Уважлівыя чытачы і зразумеюць, і адчуюць, што паводле лірычнага кодэкса Алены Гінько душа акрыяе тады, калі ў жанчыны з’яўляецца магчымасць застацца са сваім мужчынам і наадварот — калі мужчына знаходзіць сваю жанчыну. Так было, і так заўсёды будзе”, — падсумовае ў прадмове да кнігі знаны паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Гэтую кнігу можна замовіць на KNIHI.BY  

Прэсавая служба СБП