У.Някляеў атрымаў прэмію “За свабоду думкі” імя В.Быкава

На Віцебшчыне, у вёсцы Бычкі на малой радзіме Васіля Быкава ў чацвёрты раз была ўручаная прэмія яго імя, заснаваная лідарам руху за свабоду Аляксандрам Мілінкевічам. Славутаму пісьменніку Васілю Быкаву сёння б споўнілася 87 гадоў. Лаўрэатам стаў экс-кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду, вядомы паэт Уладзімер Някляеў.

Прэмія “За свабоду думкі” была заснаваная чатыры гады таму на ўзор прэміі “За свабоду” імя Сахарава, якой у 2006 годзе быў уганараваны сам Аляксандар Мілінкевіч. У журы, якое прысуджае прэмію прысутнічаў Уладзімір Арлоў:

- Я галасаваў за Ўладзіміра Някляева таму, што прэмія прысуджаецца журы, якое складаецца з лаўрэатаў ранейшых гадоў. Я думаю, што выбар зроблены правільна, выбар быў не просты, а ў спісе прэтэндэнтаў на прэмію былі вельмі заслужаныя людзі. Хтосці з іх зможа яшчэ атрымаць гэтую прэмію, але сёлета, Някляеў меў несумненную перавагу. Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава, прысуджаецца за творчую і грамадскую дзейнасць, дзеля свабоды і дзеля Беларусі.

Упершыню прэмію ўручалі ў 2008 годзе і яна была прысуджаная Рыгору Барадуліну. Тады ж лаўрэатамі сталі таксама Ўладзімір Арлоў і Павал Севярынец. У 2009 годзе прэмія “За свабоду думкі” была ўручаная Алесю Пушкіну. Летась статуэтку аўтарства Віктара Копача атрымала Ада Райчонак, арганізатарка шматлікіх мастацкіх пленэраў, стваральніца некалькіх музеяў і заснавальніца Цэнтру імя Язэпа Драздовіча. На сённяшняй імпрэзе былі госьці з усёй Беларусі, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Вялікабрытаніі, Польшчы і Славаччыны.

Радыё Рацыя