Уганараваныя лаўрэаты прэміі "Залаты апостраф"

Сёння, 22 лютага, у мінскай кнігарні “Логвінаў” адбылося ўганараванне лаўрэатаў штогадовай літаратурнай прэміі часопіса “Дзеяслоў” – “Залаты апостраф”.

Сёлетняя прэмія юбілейная, дзясятая. У 2003 годзе першымі яе лаўрэатамі сталі Васіль Быкаў, Алесь Бадак, Глеб Лабадзенка. За час існавання прэміі былі ўзнагароджаныя больш за 30 літаратараў.

Барыс Пятровіч і Анатоль Івашчанка аб'яўляюць лаўрэата ў намінацыі "Паэзія"

Празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч адзначыў, што першапачаткова рэдакцыя вырашыла ўручаць прэмію аднаму аўтару толькі аднойчы, і да сяе пары гэты прынцып вытрымліваўся. Але, магчыма, у будучым лаўрэатам прэміі можна будзе станавіцца і некалькі разоў.

Барыс Пятровіч віншуе Алеся Разанава

Напярэдадні ўручэння на старонцы СБП у фэйсбуку быў вывешаны шорт-ліст прэміі. Любы жадаючы мог адгадаць сёлетніх лаўрэатаў і атрымаць каштоўныя прызы ад партнёраў “Залатога апострафа” – інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Аднак, на жаль, ніхто з удзельнікаў не адгадаў імёны лаўрэатаў дакладна.

Алесь Пашкевіч і Алесь Паплаўскі

Такім чынам, у намінацыі “Паэзія” лаўрэатам стаў Алесь Разанаў (за публікацыю ў “Дзеяслове” № 57). У прозе – берасцейскі творца Алесь Паплаўскі за аповесць, друкаваную ў “Дзеяслове” № 58. Лаўрэатам у намінацыі “Дэбют” стала Марына Яўсейчык з празаічнай публікацыяй (“Дзеяслоў” № 61).

Марына Яўсейчык

Спецыяльнаяй прэміяй Алеся Усені “За ўклад у сучасную беларускую літаратуру” быў уганараваны Анатоль Паўлавіч Кудравец.

Барыс Пятровіч і Алесь Усеня

Алесь Сцяпанавіч Разанаў адзначыў, што атрыманая ім прэмія пойдзе на дапамогу тым людзям, каму гэта сапраўды неабходна: пісьменніку Алесю Чобату, паэту і перакладчыку Андрэю Гуцаву, а таксама берасцейскаму краязнаўцу Алесю Зайку.

Уладзімір Някляеў

На вечарыне акрамя заснавальнікаў прэміі і сяброў рэдакцыі “Дзеяслова” Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Анатоля Івашчанкі выступілі лаўрэаты “Залатога апострафа” ранейшых гадоў: Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Някляеў, Аксана Спрынчан. Алесь Камоцкі праспяваў некалькі песень, сярод якіх – творы на вершы Барадуліна, Караткевіча, а таксама на яго ўласныя тэксты.

Валер Стралко

У межах імпрэзы быў прэзентаваны свежы, 62-гі нумар “Дзеяслова”, які літаральна перад вечарынай быў забраны з друкарні. Асаблівай увагі ў ім вартая анталогія перакладаў з украінскай літаратуры, пра што распавёў Валер Стралко.

Прэсавая служба СБП, фота АУ