Украінскія пісьменьнікі патрабуюць байкоту Менскага кніжнага кірмашу

Да гэтага кроку яны заклікаюць у адкрытым лісьце на адрас украінскіх уладаў у знак салідарнасьці з Уладзімірам Някляевым і Наталкай Бабінай.

Інфармацыя пра перасьлед творчых людзей у Беларусі абурае літаратурную грамадзкасьць Украіны. Больш як два дзясяткі пісьменьнікаў, журналістаў, выдаўцоў пішуць пра гэта ў адкрытым лісьце і заклікаюць украінскіх удзельнікаў байкатаваць кніжны кірмаш у Менску, які мае адбыцца 9-14 лютага. Яны просяць украінскіх выдаўцоў адклікаць свой удзел, а Дзяржтэлерадыё ігнараваць інфармацыю пра гэтую падзею.

Аўтары ліста пішуць, што выдатнага паэта Уладзіміра Някляева спачатку арыштавалі, а цяпер трымаюць дома бяз права карыстацца інтэрнэтам і нават падыходзіць да вокнаў сваёй кватэры. Украінскія калегі згадваюць, што год таму Някляеў выступаў на “Сьліва-фэсьце” ў Кіеве.

Паводле зьвестак аўтараў ліста, пісьменьніца Наталка Бабіна (этнічная ўкраінка) стала ахвярай беларускага КДБ: у яе канфіскавалі кампутар з падрыхтаваным другім выданьнем раману “Рыбін горад”, які рыхтуецца да выхаду па-ангельску, па-швэдзку, а таксама па-ўкраінску.

Ліст падпісалі пісьменьнікі Сяргей Жадан, Васіль Шкляр, Іван Андрусяк, браты Капранавы, выдаўцы Мікола Краўчанка, Расьціслаў Сэмкіў, журналісты Алена Білазерска, Ілона Даўгань і іншыя.

svaboda.org