Украінскія школьнікі шануюць памяць Васіля Быкава

У Вялікасевярынаўскай агульнаадукацыйнай школе на
Кіраваградчыне (Украіна) шануюць памяць беларускага пісьменніка Васіля Быкава.
Настаўнікі і вучні гэтай школы — даўнія добрыя сябры ГА “Саюз беларускіх
пісьменнікаў”.
Як вядома, з Кіраваградчынай звязаныя няпростыя старонкі біяграфіі нашага пісьменніка. У час Другой сусветнай вайны, з 1943 года Васіль Уладзіміравіч ваяваў на II і III Украінскіх франтах, быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 годзе бацькі пісьменніка атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда. Гэта нават было засведчана на абеліску. Але Быкаў выжыў.
Дзесяцікласнікі Вялікасевярынаўскай школы факультатыўна вывучаюць музеязнаўства і працуюць у музейным пакоі “Васіль Быкаў і наш край”. Сёлета склад экскурсаводаў быў абноўлены, была праведзена экскурсія для настаўнікаў выяўленчага мастацтва Кіраваградскага раёна.
Цяпер ідзе збор матэрыялаў для стварэння вэб-сайта пра Васіля Быкава, а таксама пра дзейнасць школьнага музея. Адбылася чытацкая канферэнцыя па вядомым творы Васіля Уладзіміравіча “Жураўліны крык”, а ў траўні ў Вялікасевярынаўскай школе плануецца правядзенне такога ж мерапрыемства па кнізе “Доўгая дарога дадому”.
Фота Васіля Быкава belarus.by