Навіны

 

На бераг выкідаюцца кіты

на бераг выкідаюцца
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў –
гнуткіх плаўнікоў
што зведалі
і шторм і штыль
і сонца і прадонне?
стаміліся
як Сальвадор Далі
у анфіладах 
зыркага сутоння?
ці можа проста захацелі 
тут
пераканацца
што за Рубіконам?
нічога?
Вечнасць?
некалькі секунд
для развітальнае размовы 
з Конам?

на бераг выкідаюцца 
кіты
чаго ім не хапае
грацыёзным
у іх стыхіі?
некалі і ты
зрабіўшыся героем 
адыёзным
свайго спектаклю
выкінешся ў мора

цябе
насуплена сустрэне хтось
ля вузкай брамы
іншае прасторы
ён ведае
адкуль з’явіўся госць

зняможаны за доўгія вякі
спытаецца з усмешкай 
каматознай
зірнуўшы у бязмежжа 
з-пад рукі
чаго вам не хапае
адыёзным
у той стыхіі?
волі?
пекнаты?
запасу вастрыні
сталёвых лёзаў?


1864
Вользе Някляевай
я паміраў
а ты 
спявала песні
трымаючы нямоглую руку

канала наша воля 
напрадвесні
у мураўёўскім тым сакавіку

міне стагоддзе
рэінкарнаваны
прачнуся зноўку

свечка у райку
тваім успыхне

прыкладзеш да раны
мне вусны
на гаючым скразняку

о déjà vu
у свеце гэтым цесным!
о тайніцы
ў фіранках ветрам гнаных!

мой інсургент пяшчотны –
увасрэсні!

я паміраў
а ты 
спявала песні


Ліст начальніку турмы
добры дзень
спадар начальнік!
дарэчы
калі ён у цябе насамрэч добры?
калі нехта выходзіць на волю
або калі ў кайданках
прывозяць новага вязня?
(бо што ты будзеш рабіць
як турма апусцее)
калі ў камеры зачыняюць 
серыйнага забойцу 
або паэта?
якая безліч варыянтаў!
не кожнаму так шанцуе!

а яшчэ я падумаў
што ты кажаш спадарожніку 
ў цягніку або самалёце 
на пытанне кім працуеш?
дырэктарам школы
камендантам інтэрнату 
мастацкім кіраўніком тэатру
інжынерам чалавечых душ?

мне хацелася б ведаць
якія кнігі ў тваёй бібліятэцы?
Франсуа Віён
том Оскара Ўайльда
з закладкай на “Баладзе Рэдынгскай турмы”?
шматтомнік Якуба Коласа
што стагоддзе таму
сядзеў у давераных табе сценах?
кнігі тых дваццаці
каго за адну ноч расстралялі тут
у 1937-м?
нехта з іх надрапаў на тынку
РАДЗІМА
так дасёння й засталося
кажуць
ты загадаў не зафарбоўваць

выдатная метафара!

гэты факт
толькі пацвярджае чуткі
быццам ты й сам пішаш раман пра

хто там ломіцца ў дзверы?
да пабачэння
па мяне прыйшлі
20 снежня 2010


Гісторыя з Бярдзічавам

якасць дарог у Бярдзічаве
желает быть лучшей
з габрэйскім акцэнтам папярэджвала Сеціва
якасць ходнікаў у Бярдзічаве
жадае таго самага
думаеш ты на ўзбярэжжы
велічнай калюжыны
дзе некалі гуляў у караблікі
тутэйшы малы з паважным імем
Тэадор Юзаф Конрад
яму бракавала штормаў і хваляў
урэшце з’ехаў у Марсэль і паплыў сабе
насустрач славе ангельскага класіка 
Джозэфа Конрада
во як бывае ў Бярдзічаве!

на тым баку вадаёму
сінеюць нечыя ногі –
манаха з кляштару Босых кармелітаў
паслалі ў маркет “Тэрыторыя Ані”
(трэба ж неяк адзначыць першы дзень зімы)
каб крама належала табе
можна было б пагуляцца з назваю
акваторыя гучыць больш эратычна
“Акваторыя Ані”
а лепей Тані
але Таня далёка
Аня таксама
ды яшчэ й малалетка
з кім яна звязалася!

на гэтых завулках
часцей трапляюцца Эвеліны
адна аблічыла ў кавярні на 10 грыўняў
другая нарадзіла Джозэфа Конрада
трэцяя ачмурыла Анарэ дэ Бальзака
а можа ён яе
зрэшты якая розніца 
калі Анарэ дэ
сцвярджаў што іхнія целы
заключылі такі самы саюз
як іхнія душы
сядзеў бы ціхамірна ў Парыжы дык не
папёрся ў Бярдзічаў
знайшоў сярод сінагогаў 
касцёл святой Барбары
у сакавіку павянчаўся 
а ў жніўні
ўжо расказваў пра сваю Эвелінку 
святой Барбары на нябёсах
вось табе й Чалавечая камедыя!

тут такая канцэнтрацыя класікаў 
ды Эвелінаў
што табе заманецца 
звесці знаёмства
з кучаравай габрэечкай
наведаць з ёй сінагогу
потым рэстаранчык “Алімп”
потым гатэль з назваю якую хочацца спяваць
Мір-ра-Бэл-ла
каб сказаць спадарожніцы:
давайце ўступім з вамі ў выпадковую сувязь
раптам высветліцца што яна невыпадковая
вы станеце маёй Мірай
а найлепей Бэлай
і мы палётаем па-над Бярдзічавам
па-над Віцебскам
Адэсай
Парыжам
Ерусалімам
хто-небудзь з “Хамазу” скажа
жыды ды яшчэ й лётаюць:
збіць іх на х..!

будзеш шукаць сваю Бэлу
на рынку дзе купіш кашэрнага сала
у краме “Рыба” дзе купіш “Мукузані”
у салоне «Мішэль” дзе згадаеш Шэлю
заўсёдніцу тваіх юначых сноў
якой табе будзе востра не ставаць
на вуліцы імя таварыша Лібкнехта:
у камяніцы з драўлянымі ўсходамі
н шырозным утульным падвоканні
паміж першым і другім паверхамі
целы маглі б заключыць 
саюзную дамову без анексіяў і кантрыбуцый
будзеш шукаць яе
Бэлу ці Шэлю
(ты ўжо не ўпэўнены каго болей)
у кляштары Босых кармелітаў
дзе прыбрамнік дагэтуль не бачыў зданяў
а ў руках у яго вясло ключоў
а клічуць яго – не паверыце – Пятром!

хто сказаў што ў Бярдзічаве засталося 
ўсяго дзве сотні спажыўцоў мацы?
на старых габрэйскіх могілках
пад сухімі парасонамі баршчэўніку
тысяча за тысячай
пакагальна 
сыходзяць за далягляд 
каменныя валёнкі помнікаў
мыскі ўгору
надпісы на падэшвах
іўрыт 
ідыш 
зрэдку расейская 
колькі слоў каб не збіцца з курсу
ты пакінеш свае каардынаты на арэхавым дрэве 
твая Бэла адразу адгукнецца!

яе будуць клікаць Сурай
Суры Шэйнбліт
народжанай Малканзон
не пашанцавала памерці
на пачатку мінулага стагоддзя
Сура Шэйнбліт
народжаная Малканзон
не пабачыла самага цікавага
першай усясветнай 
пагромаў
рэвалюцыі
чырвоных і белых
дэманстрацый і варанкоў
Сура Шэйнбліт
народжаная Малканзон 
не стала Шурай
не ўступіла ў камсамол
не зрабілася следчай або падследнай 
НКВД
не была расстраляная
падцягнутымі хлопцамі з зорачкамі
або падцягнутымі хлопцамі са свастыкамі
почувствуйте разницу!

Сура Шэйнбліт
народжаная Малканзон
(калі ейны валёнак не хлусіць)
засталася 
незабвенной женой и матерью
не вырвалася з гета
не з’ехала на зямлю запаветную
не напісала табе:
я так интересуюсь знать что с тобой
не прыслала запрашэння
не спякла госцю тэйглэх
не аддалася як Суламіф
не запыталася чаму ты любіш
кучаравых габрэечак
не был ли ты в детстве евреем?!

унучка Суры Шэйнбліт
дачакаецца цябе ля брамы
папросіць
немножко денег
заўтра ёй спаўняецца восемдзесят тры
можно приходить с подарками
чацверты ад могілак дом пад яблыняй
не давайце ніякіх грошай месье
ёй гадоў на дваццаць меней
шапяне табе Анарэ дэ 
мо яна яшчэ бальзакаўскага веку?
адкажаш ты жмінду-французу
даючы габрэйцы 20 грыўняў
думаючы каго яна ўвасабляе 
на гэтых бясконцых кладах?
хіба незразумела? хіхікне Анарэ дэ
прыжыўся зараза ў Бярдзічаве!

але ў нашых палестынах
Смерць ніколі не просіць
просіць Любоў –
сустрэчаў
узаемнасці
пяшчоты
жарсці
вернасці
лістоў
званкоў
эсэмэсак
радасці
болю
немножко денег
просіць – Любоў!

ужо ў цягніку не дасі сабе веры
што гэтая гісторыя з Бярдзічавам
як і ўсе гісторыі на свеце
пачалася й скончылася
невядома навошта


Секс прыдумалі зулусы

футбольнаму чэмпіянату свету - 2010 
ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы прысвячаецца

секс прыдумалі зулусы
у саванне
ванне
раннем
з выляжанкаю на стайні
з жонкаю у роднай спальні
на ліянах і абрусах
на сваім стракатым сцязе
на гарышчы ў Златай Празе

секс прыдумалі зулусы
ў кабінеце
на касеце
у Валеце
пад трыбунамі ў клазеце
у чаўнах і Інтэрнэце
ў сельсавеце і улусе
між гібонаў на сафары
у футболцы з Чэ Геварам

секс прыдумалі зулусы
вечны
спрэчны
небяспечны
як пенальці бессардэчны
пад кустом і Шляхам Млечным
з уругвайкай ды індусам
на сняданак і ў сіесту
перад тым як цябе з’есці

секс прыдумалі зулусы
з твістам
свістам
і расістам
з рэферы і футбалістам
за більярдам і за вістам
з украінкай і тунгусам
кожны вечар канібалы
набіраюць сабе балы

секс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
і з хет-трыкам і квартэтам
з асірыйкаю і хетам
але я хачу кахання
хоць глыток на адвітанне
з гэтым летам-прайдзісветам
з форвардаў кардэбалетам
з недаробленым мінетам
на ўзбярэжжы пад Ларэтам
дзе у каталонскім моры
мы з табой тапілі сорам

секс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
з пляшкай віскі й трыялетам
у аўтобусе і ў гета
але я хачу кахання
хоць глыток на адвітанне
з гэтым летам-пустацветам
з выйграным адзіным сетам
з праязным чужым білетам
з падарожжам кругасветным
між Кейптаунам і Менскам
на тваім фатэлі венскім

секс прыдумалі зулусы
хай сабе і беларусы
з фінкаю і пісталетам
з карсіканкай і вендэтай
але я хачу кахання
хоць глыток на адвітанне
з гэтым ліпенем што ў Лету
адплывае ў сандалетах
з гэтым жніўнем і з кабетай
што даўно не мной сагрэта
ды прыснілася ў нядзелю
ў вувузэлы мы дудзелі!

Божа, дай глыток кахання
хоць адзін на адвітанне
з расфутбольным скварным летам
не хачу казаць: са светам
бо прыкінуўся паэтам
а ты ведаеш: пры гэтым
нельга аддавацца ловам
рызыкоўных рыфмасловаў

Божа, дай глыток кахання
хоць адзін на адвітанне
і ў сваёй нябеснай высі
не ў афсайдзе
ў райскім садзе
ты мяне каханым высні!

 


Інданезія

у Інданезіі
таксама жывуць людзі
асабліва на Яве
адзін прыехаў вучыцца
зрабіў аднакурсніцы дачку
вярнуўся да сланоў і пітонаў

дачка атрымалася
шакаладавая
кучаравая
грудзі 4-га памеру
мастачка
афармляе дзіцячыя кніжкі
чытае ў Інтэрнэце пра Інданезію
намалявала ў беларускай казцы
вусатую малпу

на Яве
сустракаюцца
вулканы
дзікія буйвалы й цёлкі
бацька-прафесар

на яве
ёсць
аднапакаёўка
смешныя ганарары
хлопец-беларус
яна так і кліча яго –
беларус
часам з вялікай літары
часам з малой

беларус піша вершы
кажа
у яе гарачая кроў
і ў яго не рыбіная
іначай не былі б разам 
два гады
яна малодшая якраз на столькі
й старэйшая
на цэлую Інданезію

на дзень нараджэння 
беларус дорыць ёй 
кнігу пра возера Свіцязь
там жыве водарасць
Tetradinium javanicum
водзіцца апрача Беларусі
толькі на Яве

на яве
яны едуць у суботу на Свіцязь
кахаюцца ў лодцы
парачка на беразе ўсё бачыць
пачынае займацца тым самым
няхай жыве салідарнасць!

за бортам верасень
у празрыстай вадзе
раскашуе Tetradinium 
беларус просіць пацалаваць яго
вядома не javanicum
(ну вы разумееце)
у працэсе чытае ёй вершы
сярод тутэйшых паэтаў
вычварэнцаў значна больш
чым здаецца

вечар 
бяздонна зорны
цёплы ад херасу
вуснаў
слоў пазбаўленых цэнзуры
можна купацца целяшом
аддавацца на карме
каленкам крыху балюча

на Яве
гарэзяць насарогі
зліваюцца ў джунглях
залацістыя макакі
фантазія абязбольвае

на яве 
ідзе па прычале 
вожык
замірае
глядзіць на іх
яна ўспамінае прыказку
беларускай бабулі
спалохалася як вожык голай сракі
смяецца
ускрыквае ад асалоды
беларус умее доўжыць
гэтыя імгненні

вожык
тупаціць ножкамі па кладцы
раскажа усё
сваёй girl friend
цікава якія зоркі 
на Яве?

на яве
беларус напіша пра той вечар
даўжэзны верш
яна папросіць: 
назаві яго
Інданезія

 


На поўнач ад кахання

на поўнач ад кахання
жывуць успаміны

туляцца да вогнішча 
пры леснічоўцы –
ганак з жорнаў
нечакана скупая 
суседка-зязюля

хаваюцца ад сляпога дажджу
пад перакуленым баркасам –
балтыйскія ракаўкі
да крыві раняць спіну
рай для садамазахістаў

збіраюць ажыны
на вусцішнай выспе –
насельніцтва
суцэльныя героі
Яна Баршчэўскага

на поўнач ад кахання
заўсёды па парадку –
панядзелак
аўторак
серада
чацвер

на поўнач ад кахання
час
падпісаў з насценным гадзіннікам
дамову
абыходзіцца без выбрыкаў –
хапае на кнігі
на сяброў
сябровак 
самоту
вандроўку ў горад N

на поўнач ад кахання
ніхто не звоніць
а трэцяй гадзіне ночы –
не дыхае ў слухаўку
апякаючы мочку
не шэпча
кахаю
ненавіджу
зараз мяне возьме іншы

на поўнач ад кахання
парадкуеш архіў –
паперы
школьны гербарый
насоўка з ініцыяламі
пішаш электронныя й проста лісты
(апошніх усё меней)
вучыш ангельскую мову
I you don`t love
I sometimes you don`t want
put the words in the right order*

на поўнач ад кахання
забываеш смак віна
выбіраеш у шафцы гарбату –
чорную
з бергамотам
язмінам
жэньшэневую
імбірную

на поўнач ад кахання
стукаецца ў дзверы
ветлівы маруда вечар –
знаходзіш у шафцы з гарбатай
класічную зялёную
заварваеш
у тым самым кубку
з аленем святога Губерта
падыходзіш да вакна
доўга глядзіш
на поўдзень


Дзяўчына з касой

я ўбачыў яе адразу
юную й чыстую
ў каламутнай вакзальнай рацэ
вакол ейнай касы
пагойдваліся на хвалях
валізкі
капелюшы
бананы
кветкі
пахавальныя вянкі

я пазнаў яе імгненна
нягледзячы на маладосць
джынсы
фірмовы заплечнік
флікер
яна падміргнула:
люблю кемлівых

я паплыў хутчэй
брасам
кролем
батэрфляем
як у суботу
пераплываючы возера

яна не адставала
дала нырца ў тунель
на хаду купіла ранішнюю газету
пяшчотна дыхнула ў патыліцу
на вулічным пераходзе
кожная хрыбетка 
ўжо адчувала яе

яна ішла за мной да самага дому
сітуацыя была не з горшых:
усё здарыцца 
не дзе-небудзь на лавачцы
ля сметніцы –
нас атуліць знаёмы ложак
на вакне цвітуць пеларгоніі
магчыма 
будзе час на эксперыменты

я апынуся ў ейных абдымках
першым
прынамсі сёння
а можа наогул
(не выключана што яна 
прыбыла на стажыроўку)
у нейкім сэнсе
я пазбаўлю яе нявіннасці
такая постаць
такія пульхныя вусенкі
шмат абяцаюць

яна раптам перадумала
нешта прачытала ў газеце?
выбрала іншага?
маладзейшага
паголенага
з модным заплечнікам?

я запомніў яе
да апошняга глытка
віна й паветра
да апошняга пацалунку – 
тую жнівеньскую дзяўчыну
з касою
лязо якой
яшчэ было спавітае
бялюткім цнатлівым бінтам

Надрукавана ў 51-м нумары "Дзеяслова".

dziejaslou.by

[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------