Уладзімір Арлоў прадставіў кнігу з вершамі лацінкаю (ФОТА)

“Свецяцца вокны, ды нікога за імі” – назва новай кнігі вершаў Уладзіміра Арлова ўводзіць у зман. За імі дакладна нехта ёсць. Ці нешта. Цэлы свет за фіранкамі. Там ёсць кіты, якія выкідваюцца на бераг, жнівеньская дзяўчына з касой і модным заплечнікам, зулусы, якія прыдумалі сэкс. Сотні гісторый пад вокладкай.

“Жыццё літаратара непрадказальнае, — кажа Арлоў на прэзентацыі зборніка. — Бывае, бярэшся пісаць раман, рыхтуешся, раскладаеш чарнавікі на стале. І раптам з гэтых чарнавікоў нараджаюцца не старонкі прозы, а вершы — адзін, другі, трэці. Ты адкладваеш прозу на тыдзень, на два, а потым ужо на некалькі гадоў вымушаны адкласці. Так сталася і ў мяне. Але я не лічу гады, у якія пісаліся вершы, страчанымі. Выйшла тры кнігі. Адна з іх — “Паром праз Ла-Манш” — прынесла мне сур’ёзную міжнародную прэмію “Еўрапейскі паэт свабоды”. Але на даляглядзе больш выразнымі робяцца берагі прозы. Таму хай гэтая кніга застанецца памяццю пра доўгае паэтычнае падарожжа”.

“Вокны” складаюцца з трох раздзелаў. У двух першых — выбранае з кнігі “Паром праз Ла-Манш”. Трэці раздзел — вершы, напісаныя апошнім часам.

Кніга вылучаецца канцэптуальным рашэннем: усе творы падаюцца паралельна ў двух варыянтах беларускага алфавіту — лацінкай і кірыліцай. Пры гэтым спачатку планавалася толькі лацінка, але ад гэтай ідэі, са словаў Арлова, яго адгаварыла беларуская паэтка Ніна Мацяш, якая, на жаль, ужо пайшла ад нас.

“Мне хацелася, каб беларусы не забыліся на сваю лацінку, традыцыя якой налічвае не адно стагоддзе, — тлумачыць Арлоў канцэпцыю свайго літаратурнага праекта. — У беларускай літаратуры ёсць шмат тэкстаў на лацінцы. “Хроніка Быхаўца”, кнігі Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Газета “Наша Ніва” да 1912 года друкавалася паралельна на кірыліцы і лацінцы”.

Павел Бераговіч, заснавальнік літаратурнай прэміі імя Багдановіча “Дэбют”, фундатар кнігі “Свецяцца вокны, ды нікога за імі”, пажартаваў, што новы зборнік Арлова варта ўвесці у школах як дапаможнік. Тады пакрысе моладзь зможа перайсці на лацінку.

Ідэя з лацінкай спадабалася і рэдактару кнігі, эсэісту і філосафу Валянціну Акудовічу.

“Я ўпэўнены, што калі б у пачатку ХХ стагоддзя мы засвоілі лацінку, — разважае спадар Акудовіч, — то, напэўна, сёння былі б іншымі, можа, нават лепшымі. Але цяпер шырокі распаўсюд лацінкі не будзе карысным. Мы з беларускай мовай і на кірыліцы маем бяду. І калі ўскладнім сітуацыю лацінкай, зробім толькі горш”.

І дадае непасрэдна пра кнігу: “У мяне за спінай сто тамоў рэдактарскіх кніжак, а гэта мінімум 50 аўтараў. І ні з кім з іх не было так цікава і ўтульна працаваць, як з Арловым. Ён умее прыслухоўвацца. Памятаю, прыносіць мне Уладзя Арлоў кнігу вершаў “На поўнач ад кахання”. Мне падалося што па танальнасці і паэтыцы яна выглядае на другую частку кнігі, якая выходзіла раней. Я прапанаваў аб’яднаць дзве кнігі ў адну. Тым больш Уладзя казаў, што развітваецца з паэзіяй. Праз дзень ён тэлефануе і нечакана прапаноўвае: “А давай мы ўсе тры кнігі аб’яднаем у адну”. Я падтрымаў”.

Дарэчы, у Акудовіча ў “Вокнах” ёсць улюбёны верш — “Сэкс прыдумалі зулусы”. “Гады ў мяне такія — калі менш можаш сам, пачынаеш больш чытаць пра гэта”, — жартуе філосаф.

Скончылася прэзентацыя вершам пра каханне і маладосць — “Дзяўчына з касой”. І ўсе пайшлі да Арлова па аўтографы — на кірыліцы і лацінцы.

Кася Кірпацік
Фота: Аляксандр Ждановіч 

Фотарэпартаж гл. цалкам на budzma.org