Уладзімір Арлоў прэзентаваў інтэрактыўную кнігу

У кнігарні “логвінаЎ” прайшла прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова “Пакуль ляціць страла”, якую сам пісьменнік лічыць самай незвычайнай у сваёй бібліяграфіі і адметнай для ўсёй беларускай літаратуры.

У кнігарню “логвінаЎ” прадказальна не ўбіцца. “Як для Арлова, дык замалое памяшканне”, — канстатуе адзін з наведнікаў. “А большае ніхто не дасць”, — адказвае яму другі. Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова прыпала на дзень памяці Ефрасінні Полацкай. “Няхай яна трымае ў ласцы гэты прытулак для літаратараў — кнігарню “Ў”, —  выказаў у сувязі з гэтым сваё пажаданне пісьменнік. Яго кніга выйшла ў серыі “Бібліятэка Свабоды”, якую заснавала беларуская служба Радыё Свабода. “Цяжка быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі, — трапна зазначыў з гэтай нагоды дырэктар беларускай “Свабоды” Аляксандр Лукашук.

Кнігу “Пакуль ляціць страла” Уладзімір Арлоў называе самай незвычайнай і кажа, што столькі суаўтараў у яго твораў яшчэ не было. А іх прынамсі сто. Выданне ўяўляе з сябе адказы на 100 пытанняў, зададзеных аўтару падчас сустрэчаў з чытачамі. Арлоў усе гэтыя цыдулкі захаваў ды склаў з іх свой новы твор. Пісьменнік кажа, што вырашыў адказваць на самыя розныя пытанні, без суворага адбору. У Арлова пыталіся не толькі пра яго ўлюбёныя творы, але і пра першае каханне ды эратычныя перажыванні, пра сэнс жыцця і пра футбол, а таксама пра тое, у каго б ён хацеў ператварыцца пасля смерці, калі б існавала рэінкарнацыя… “Менавіта аўтары пытанняў зрабілі гэтую кнігу адметнай. І нічога падобнага ў нашай літаратуры яшчэ не было”, — заўважае Арлоў, згадваючы, што нешта падобнае існуе ў польскай літаратуры (на пытанні сваіх чытачоў у літаратурнай форме адказала лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Віслава Шымборска). А каб падкрэсліць інтэрактыўнасць сваёй новай кнігі, літаратар пакінуў месца для пытанняў, якія могуць упісаць чытачы і атрымаць адказ-аўтограф падчас сустрэчы.

 

На гэтай вечарыне спадар Уладзімір прапанаваў сваім чытачам адваротны фармат. Гэта значыць, што ён задаваў пытанні і таму, хто даваў слушны адказ, уручаў у якасці падарунка сваю новую кнігу. Пытанні датычылі якраз яе аўтара і герояў — Андрэя Хадановіча, Адама Глобуса, Змітра Бартосіка, Валянціна Акудовіча, якія знаходзіліся тут жа. На некаторыя, падавалася б, відавочныя пытанні адказаць было не так і проста. Напрыклад, колькі гадоў сёлета роднаму гораду аўтара кнігі “Пакуль ляціць страла”. Афіцыйна лічыцца, што Полацку 1150, але Арлоў не згодны і прапануе адзначаць 1600-годдзе. “Полацк згадваўся яшчэ ў ісландскіх сагах у пятым стагоддзі, таму нам трэба браць прыклад з Кіева, які даўно адзначыў 1500-годдзе, хоць згадваўся разам з Полацкам”. Пытаўся Арлоў у публікі і пра цікавыя моманты сваёй біяграфіі. Напрыклад, у замаху на якога беларускага паэта яго абвінавацілі ў 1988 годзе і якую крымінальную справу хацелі прышыць яму і жонцы на год раней. Выявілася, што ў 1988 годзе ідэолагі ўгледзелі на вокладцы яго кнігі “Дзень, калі ўпала страла”, што тая самая страла працінае ў назве літары Н, І, Л, А, і вырашылі, што тут маецца на ўвазе першы сакратар Саюза пісьменнікаў БССР Ніл Гілевіч, таму вокладку давялося перарабіць. А наконт крымінальнай справы, дык Арловых хацелі абвінаваціць у тым, што ў іх кватэры робяць падпольныя аборты. Праваахоўныя органы грунтаваліся на сведчаннях суседзяў, якія характарызавалі пісьменніка і яго жонку як “нелюдзімых і беларускамоўных”. “Зразумела, ад карыстання беларускай мовай да падпольных абортаў адзін крок”, — з усмешкай прыгадваў Арлоў гэты эпізод сваёй біяграфіі

Тыя, хто пазнаёміўся з кнігай “Пакуль ляціць страла”, характарызуюць яе найлепшым чынам. Валянцін Акудовіч прызнаўся, што не збіраўся яе чытаць, бо ведае наперад, што напіша Арлоў. Але не ўстрымаўся ды ўцягнуўся. “Арлоў — таленавіты белетрыст. Шчыра зайздрошчу тым, хто яе яшчэ не чытаў”, — заявіў філосаф.

Прэзентацыя кнігі Арлова адкрыла серыю вечарын, прысвечаных 10-годдзю серыі “Бібліятэка Свабоды”, у якой пабачылі свет ужо 35 самых розных выданняў. Наступная імпрэза пройдзе 6 чэрвеня і будзе прысвечаная кнізе Аляксандра Лукашука “Палёт матылька. Освальд у Менску”, якая атрымала літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”.

Кнігу “Пакуль ляціць страла” можна спампаваць у pdf-фармаце.

Тэкст: Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч 

budzma.org