Уладзімір Кароткі: Cтаражытная літаратура на лацінскай ці польскай мовах — беларуская таксама

Уладзімір Кароткі: Cтаражытная літаратура на лацінскай ці польскай мовах — беларуская таксама

Уладзімір Георгіевіч Кароткі

Бойка за Гамера

Неверагодна, але факт: беларусы больш багатыя на гераічны эпас за грэкаў і рымлянаў! Мы маем цэлых тры эпічныя творы, грэкі — два, рымляне — адзін. Але кішэннае выданне ўлады не жадае ўслаўляць герояў няхай і мінулых часоў — верагодна, бачыць у іх канкурэнтаў свайму гаспадару.

Пра тое, чым і кім мусяць ганарыцца беларусы, Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» распавёў дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Кароткі, які браў удзел у IV Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне (Літва) 3-5 кастрычніка:

— Зразумела, што як навукоўца, які займаецца літаратурай XVI-XVII стагоддзяў, мяне цікавіць гісторыя літаратуры і старажытныя тэксты менавіта гэтага перыяду — на беларускай, лацінскай, старапольскай мовах. Цікавяць падыходы, у першую чаргу, украінскіх, польскіх, рускіх і беларускіх навукоўцаў да праблемы ідэнтыфікацыі саміх тэкстаў. Таму што, як вядома, большасць тэкстаў XI-XIV стагоддзяў дагэтуль кваліфікуюцца рускай навукай як «древнерусские».

Па-другое, у нас ёсць праблема наступнага чыну: тэксты на лацінскай мове, на польскай мове — гэта спадчына якога народа? Літоўскага, польскага, беларускага? Таму мы больш падыходзім да думкі, што такая прастора як Вялікае княства Літоўскае спарадзіла не праблему дзялення, а праблему разумення гэтай літаратуры як літоўцамі, так і беларусамі.

Але самае галоўнае тое, як ставяцца да гэтага нашыя народы. Важна, каб народ вось гэтую спадчыну лічыў сваёй. Няважна, хто — літоўцы ці беларусы, тады гэта будзе сапраўды вялікая спадчына, як за Гамера будуць біцца ўсім народам! Калі ж будуць адпіхвацца ад гэтага помніку, будзе зусім па-іншаму.

Якая кроў у «Рыбанькі»?

— На Кангрэсе ў мяне быў даклад, прысвечаны гераізацыі гісторыі ў помніках літаратуры эпохі Адраджэння і барока. У Беларусі існуе праблема такога плану: ці з’яўляюцца нашымі такія знакамітыя асобы як Ягайла, Вітаўт, у якіх польскай крыві не было, Канстанцін Астрожскі, Радзівілы, пачынаючы ад «Чорнага» да «Рыбанькі»? Усе яны — патрыёты, якія жылі на нашай зямлі, большасць з іх прасілі, каб пасля смерці іх пахавалі менавіта на радзіме, у нашых храмах, якія яны будавалі. Той жа Ян Караль Хадкевіч.

Праблемным застаецца пытанне ўшанавання гістарычнай памяці такіх падзеяў, як бітва на Уле, дзе загінула каля 50 тысяч. Праўда, дакладна ніхто не ведае, колькі там палягло, але ня ў гэтым справа — там была вялікая бітва, дзе загінулі прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага. Я заўсёды казаў, што ўсякая вайна, якая адбываецца на тэрыторыі нашай краіны, — гэта справядлівая вайна, і ўсякае яе апісанне — помнік нашай гераічнай гісторыі. І гэта трэба не толькі вывучаць, але і прапагандаваць. Мы ж не заклікаем апісваць, напрыклад, паход Яна Караля Хадкевіча на Маскву і адзначаць гэта як свята. Зразумела, рускія даследчыкі знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі і гавораць, што іх заваёўвалі то літоўцы, то палякі, але ніколі не згадваюць пра беларусаў.

Але мы ня можам называць Вялікае княства Маскоўскае іншай тэрыторыяй акрамя як Расіяй, таму нам даводзіцца пісаць, што мы ваявалі з рускімі войскамі. І ў гэтым ёсць праблема. У такой этычнай сітуацыі нас можна кім хочаш называць, але калі казаць прадметна, то даводзіцца адчыняць старонкі гісторыі, якія паказваюць, што не заўсёды мы былі ў блізкіх адносінах з Расіяй. Гэта тлумачыцца вельмі проста: як Кіеў некалі імкнуўся да цэнтралізацыі, так званага збірання славянскіх зямель, як Вільня на чале з Вітаўтам імкнулася да таго ж, так і Маскоўская дзяржава. Толькі ва ўсёй гэтай сітуацыі мы прызнаем канцэпцыю «Масква — трэці Рым», а вось іншых не хочам бачыць, і ў гэтым праблема. З майго пункту гледжання, іх трэба разглядаць у адной плоскасці.

Нармальная псіхіка і дрэнныя звычкі

— Ёсць і праблема, ці называць, напрыклад, беларускія творы менавіта беларускімі. Беларусы просяць называць гэтыя старажытныя творы «літаратурай Беларусі». Я на гэта адказваю, што тады не толькі не было Беларусі, а ў пэўныя часы не было і Францыі. Ёсць літаратура Нямеччыны, але ж мы не можам казаць пра германскую літаратуру, бо Германія як дзяржава — гэта, ўсё такі, канец XIX стагоддзя. Дык што, называць яе літаратурай Свяшчэннай Рымскай імперыі, ці аўстра-венгерскай, ці ўвогуле венгерскай?

Паважаючы статус народаў, мусім казаць так: мы будзем разглядаць літаратуру Беларусі, беларускую літаратуру, але некалі гэтая тэрыторыя называлася Руссю. Але ў ніякім выпадку нельга казаць, што раней гэта была Русь, а цяпер — Беларусь. Усе творы, якія былі напісаныя ў Кіеве праходзяць як рускія. Зразумела, для чалавека з нармальнай псіхікай нельга казаць, што напісаны ў Кіеве твор — гэта твор не рускай і не беларускай літаратуры.

Потым прыдумалі, што гэта — усходнеславянская літаратура. Такога быць ня можа, бо ёсць усходняяславянскія літаратуры, у множным ліку. На нашай секцыі на Кангрэсе не было па гэтаму пытанню спрэчак, бо сядзела большасць беларусаў і ўкраінцаў. А вось калі я быў у Маскве, то на тэму «древнерусской» літаратуры расійскія навукоўцы мне казалі: «Гэта нашая прывычка, так называць». Ну, адказваю, ад прывычак трэба пазбаўляцца.

Што казалі навукоўцы XVI стагоддзя?

— У нашай секцыі на Кангрэсе былі прадстаўнікі не толькі літаратуразнаўчай навукі, але і блізкіх да яе дысцыплінаў — фалькларысты выступалі, мовазнаўцы, музыказнаўцы. Усе гэтыя людзі былі ў адным храналагічным полі — Адраджэння, барока, позняга Сярэднявечча. Было цікава дапаўняць адзін аднаго, знаходзіць нейкія паралелі, адлюстраванне тых ці іншых мастацкіх з’яваў у літаратуры, ў культуры ў цэлым.

Вельмі добра, што былі ўкраінцы, бо прасочваецца сувязь нашай літаратуры з украінскай, хачу засяродзіць увагу, што менавіта пасля 1569 года, пасля таго, як Украіна стала ўваходзіць у Рэч Паспалітую польскую, калі палякі так хочуць, каб так яе называлі. Але, дарэчы, тэрмін нашых навукоўцаў XVI стагоддзя — Рэч Паспалітая літоўская. Мялецій Сматрыцкі, Лявонцій Карповіч, Сільвестр Косаў карысталіся такім тэрмінам.

Радзівілы былі не з Марсу

— Ёсць яшчэ такі момант, як разгляд элітарнай літаратуры Беларусі. Бо мы, усё такі, прызвычаіліся да разумення яе народнасці, мужыцкасці. Памятаеце, быццам галоўны герой быў захавальнікам беларускай мовы? Ён не ведаў іншых моваў, таму яму прыйшлося. А вось, каб казаць пра элітарную літаратуру на лацінскай ці польскай мовах, трэба падвесці разуменне нашага сучасніка да таго, што гэта наша літаратура таксама.

Паглядзіце, стагоддзе нам «спявалі», што Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы — палякі, літоўцы, марсіяне, але не беларусы. А стваралася-та літаратура тут, апісваліся ў ёй падзеі нашыя, але іншай мовай. І трэба разумець, што ў нашай літаратуры мажлівыя пэўныя «горы», гэта паказальнік інтэлектуальнага багацця народа. Іспанцы, італьянцы і немцы, якія ў нас былі, таксама тварылі тут на лацінскай мове.

Больш за тое, менавіта ў XVI стагоддзі беларусы стварылі тры творы гераічнага эпасу. Грэкі, дзякуй Богу, два маюць. Рымляне — адзін. А мы маем адразу тры: «Прускую вайну» (1516, Ян Вісліцкі. — ЕўраБеларусь), «Радзівіліаду» (1592, Ян Радван) і «Кароламахію» (1606, Хрыстафор Завіша). Два з гэтых твораў ужо цалкам перакладзеныя на беларускую мову. Дарэчы, «Маладосць» абяцала выдаць асобным выданнем «Радзівіліаду».

Як афіцыйныя выданні ставяцца да славутай бітвы

— Я спадзяюся, што больш і больш нашай моладзі з гэтымі ведамі пасля філфаку прыйдуць у школу, і ўжо дзеткі ў ліцэі пачынаюць вывучаць гэтыя творы. А гэта ж падзеі — перамога ў Грунвальдскай бітве, перамога пад Улою, перамога пад Кірхгольмам! І большасць хто там былі? Беларусы. У «Радзівіліадзе» апісваюцца літаральна ўсе землі Віцебшчыны, горад Іванск, які мала хто ведае, дык вось там была Ульская бітва. Мы на кафедры гісторыі беларускай літаратуры зрабілі прысвечаную ёй імпрэзу, на якую запрасілі дырэктара Бібліятэкi Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх Сігітаса Нарбутаса, прадстаўнікоў розных народаў, якія маглі ўдзельнічаць у той бітве, і з’ездзілі у Іванск — кіламетраў 250 ад Мінска, ушанавалі памяць загінулых.

І ўяўляеце, мы прапанавалі гэты матэрыял газеце «Советская Белоруccия», а яна адмовілася друкаваць яго. Як прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі і вучоны, мяркую, яна няправільна зрабіла. Замоўчваць гісторыю нават ў любой палітычнай сітуацыі — гэта зло для дзяржавы.

Затое з разуменнем да гэтай праблемы аднеслася такая ж афіцыйная газета — «Звязда», якая дала нам свайго карэспандэнта. І ў двух нумарах «Звязды» апісвалася ўшанаванне Ульскай бітвы. І я вельмі ўдзячны гэтай газеце, таму што большасць бібліятэк выпісваюць менавіта афіцыйныя газеты, і ад гэтага залежыць статуснасць той ці іншай падзеі.

Алена Барэль, ЕўраБеларусь