Уладзімір Мароз і Аляксей Нежавец выступілі ў Навагрудку

Сустрэча ў Навагрудскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным каледжы праходзіла ў актавай зале, прысутнічалі навучэнцы і выкладчыкі каледжа. Уладзімір Мароз прэзентаваў сваю новую кнігу “Шляхцянка-восень”, чытаў ранейшыя і новыя вершы.

Аляксей Нежавец выконваў аўтарскія песні на творы беларускіх паэтаў Францішка Багушэвіча, Генадзя Бураўкіна, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Пісьмянкова, Навума Гальпяровіча.

Другая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе №1 горада Навагрудка, якая знакамітая тым, што ў гэтай школе ў 1939 годзе працаваў Барыс Кіт — тут ёсць музей славутага земляка.

Кніга Уладзіміра Мароза мае падзагаловак “Лірыка любові і кахання”. У сваім выступленні паэт звярнуў на гэта ўвагу.

“Наша беларуская мова старажытная, мілагучная і багатая. У рускай мове падзагаловак гучаў бы “Стихотворения о любви”. Мы ж у сваёй мове падзяляем паняцці “любові” як вышэйшай духоўнай субстанцыі і “кахання” як адносін паміж мужчынам і жанчынай. Гэта больш правільна і глыбока”.

Акром вершаў, у сваім выступе Уладзімір Мароз згадваў аб сваёй працы ў дакументальным кіно. Па яго сцэнарыях знята звыш 60-ці дакументальных фільмаў, у асноўным звернутых да гісторыі і культуры Беларусі.

“Для чаго мы павінны ведаць сваю гісторыю? Каб яскрава ўсведамляць, што мы не першыя на сваёй зямлі і не апошнія, што тут стагоддзямі жылі людзі, кахалі і нараджалі дзяцей, будавалі жытло, храмы і замкі, працавалі, ваявалі, у змаганні стваралі і мацавалі беларускую дзяржаву. Веданне мінуўшчыны, адчуванне непарыўнай повязі часоў і падзей, памкненняў людскіх дае чалавеку трывалы грунт яго існавання на зямлі, дазваляе ясна глядзець у будучыню. Гісторыя – наш бясцэнны духоўны скарб, які мы павінны зберагчы і перадаць нашчадкам”.

budzma.org