Уладзімір Някляеў – першы лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай
Уладзімір Някляеў
Заснавалі прэмію МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Беларускі ПЭН-цэнтр пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Плануецца, што яна стане штогадовай.
Прэмія названая ў гонар выдатнай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай, якая пасля вайны апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч
“Ад сёння прэмія стане штогадовай, і ва ўсіх майстроў паэтычнага слова будзе магчымасць на яе намінавацца, а можа, і атрымаць. Сёлета усе восем намінантаў годныя прэміі, і я шчыра разумею сяброў журы, якія стаялі перад цяжкім выбарам. Хацелася б, каб кожны год былі такія яскравыя творы і такі складаны выбар у журы”, -- распавёў у прывітальным слове Барыс Пятровіч.
Выступае кіраўніца МГА "ЗБС" Бацькаўшчына" Алена Макоўская
Нагадаем, у кароткі спіс прэміі ўвайшлі:
Віктар Жыбуль "Дзяцел і дупло"
Ганна Комар "Страх вышыні"
Наста Кудасава "Маё невымаўля"
Уладзімір Някляеў "Толькі вершы"
Сяргей Прылуцкі "Патрыятызм для чайнікаў"
Міхась Скобла "Камізэлька для месяца"
Андрэй Хадановіч "Цягнік Чыкага-Токіё"
Юлія Цімафеева "Цырк"
У складзе журы прэміі сёлета працавалі Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.
Уладзімір Някляеў у сваім пераможным слове адзначыў высокую мастацкую вартасць і таленавітасць сучаснай беларускай паэзіі: “Адбываецца неймаверная рэч. Пры тым, што цяпер робіцца ў нашай краіне з беларушчынай, беларуская літаратура не толькі жыве, але і якасна пераўзыходзіць шмат са створанага папярэднікамі. Нідзе ў Беларусі зараз няма такога прагрэсу, а тут відавочны рух наперад, што ёсць зарукай нашага жыцця ў будучыні”.
Віка Трэнас, для lit-bel.org