Уладзімір Някляеў Алесю Бяляцкаму: Звер учуяў турму

Уладзімір Някляеў Алесю Бяляцкаму: Звер учуяў турму

    На 50-годдзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Калі слухаць і слухаць,

Як выюць за кратамі вецер са снегам,
Як у фортцы звініць і звініць зледзянелае шкло,
Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў —
Шмат чаго, што мінула, нібы не было.

Можна ўспомніць Афіны і Рым,
і падумаць пра рымлянак,
Пра гетэр — не хапае за кратамі рымскіх гетэр…
Але ўспомніўся мне
воўк у лесе зімовым пад Рымцелямі:
Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся звер!

Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты.
Ён да логвішча йшоў — і не быў я ў патрэбу яму.
Але пах, які вычуў ён,
быў не з ваўчынага свету:
Звер учуяў турму.

Можна ўспомніць, калі
зазвініць капяжамі адліга,
І за кратамі
ценькне вяснова нараніцы птах,
Як ашчэрваўся свет на Хрыста
і на Марціна Лютэра Кінга,
На любога і кожнага, хто чалавечынай пах.

Можна ўспомніць… Але
у ваўчыных вачах не пра тое…

Скрозь прапахла зямля
потам,
спермай,
мачою,
крывёю
Ад Афінаў і Рыма — і да Калымы,
Ды нішто і ніхто ў гэтым свеце не пахне турмою —
Толькі мы.

svaboda.org, Уладзімер Някляеў