Уладзімір Някляеў: Шанцы Беларусі на Нобеля па літаратуры як ніколі высокія

У гэтым годзе сярод прэтэндэнтаў на званне лаўрэата — беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. У мінулыя гады на Нобелеўскую прэмію вылучаліся беларускія літаратары Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў. Апошні, дарэчы, толькі што вярнуўся са Стакгольма. Якія, на яго думку, рэальныя шанцы Святланы Алексіевіч атрымаць Нобелеўскую прэмію?

— Дастаткова высокія. Можна сказаць: высокія як ніколі.

— Што, нават вышэйшыя, чым калі на гэтую прэмію вылучаўся Васіль Быкаў?

— Так, вышэйшыя.

— Бо ў букмекераў Алексіевіч на трэцім-чацвёртым месцах?

 Зусім не. Ні Джэймс Ротман, ні Рэндзі Шэкман, ні Томас Зюдаў, якія сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі па медыцыне, у спісах букмекераў наогул не значыліся. Ніколі нельга ведаць наперад, як пройдзе галасаванне, — гэта вам не беларускія «выбары». Напрыклад, галоўным прэтэндэнтам на самую першую літаратурную «Нобелеўскую прэмію» лічыўся Леў Талстой, а атрымаў яе Рэнэ Сюлі-Прудом. Вось вы хоць ведаеце, хто ён? Празаік? Драматург? Паэт?

— Паэт і эсэіст. Але ў такім выпадку тым больш незразумела, чаму вы кажаце аб высокіх шанцах Алексіевіч?

— Бо яе вылучэнне на прэмію вельмі добра падрыхтаванае. Перш за ўсё, ёю самой, яна ж напісала за 30 гадоў 6 кніг, амаль кожная з якіх станавілася не проста кнігай, а падзеяй. Гэта не проста, за ўсім гэтым — велізарная праца.

— Але ж і кожная кніга Васіля Быкава была вялікай падзеяй…

— У нас у краіне — так. Але да гэтых падзеяў не былі падрыхтаваныя члены Шведскай акадэміі…

У 2001 годзе, калі Быкаў быў вылучаны на прэмію, я перад самым галасаваннем, як і цяпер, апынуўся ў Стакгольме. Для мяне (як і для ўсіх, хто любіць Быкава, а значыць, любіць не толькі літаратуру, а больш: любіць Беларусь) было вельмі важна, каб Васіль Быкаў (і менавіта ён) стаў лаўрэатам - і я, як мог, спрабаваў гэтаму садзейнічаць.

Сустракаўся з акадэмікамі — і ў размовах з імі заўважыў, што казаць ім пра Быкава … ну, скажам так, цяжка. Бо ў Швецыі ў той час — ніводнай яго кнігі па-шведску, а на англійскую аповесць «Мёртвым не баліць» перавялі толькі праз дзесяць гадоў.

І толькі тады яе перакладчык Джозэф Мозур сказаў: «Я перакананы, што калі б гэтая аповесць была выдадзена па-англійску не ў 2010-м, а ў 1966 годзе, імя Васіля Быкава было б вядома на Захадзе не менш, чым імя Аляксандра Салжаніцына».

А вось што казаў прафесар Лонданскага універсітэта, спецыяліст па рускай і беларускай літаратуры Арнольд Макмілін, калі на Нобелеўскую прэмію вылучылі Рыгора Барадуліна: «Я атрымаў ад камітэта ліст з пытаннем:«Як я ацэньваю яго творчасць?». Вядома, я лічу eго геніем. Але пачаў шукаць пераклады, каб пераканаць акадэмікаў, а перакладаў на англійскую амаль няма. Тыя, што ёсць, вельмі прымітыўныя. Сам, натуральна, чытаю Барадуліна ў арыгінале, але гэта нe дапамагло Нобелеўскаму камітэту».

Уладзімір Някляеў і Святлана Алексіевіч. Стакгольм, 2001.

Дык вось у выпадку са Святланай Алексіевіч сябры Нобелеўскага камітэта падобных цяжкасцяў не адчувалі. І не толькі таму, што кнігі яе ёсць у перакладах і на шведскую, і на англійскую, але і таму, што арганізацыі, якія вылучылі Алексіевіч на прэмію (напрыклад, Шведскі ПЭН-цэнтр), правялі немалую працу, так бы мовіць, «па прапагандзе і агітацыі»: быў выдатны менеджмент. Гэтага ні Беларускі ПЭН-цэнтр, ні Саюз беларускіх пісьменнікаў, якія вылучалі на прэмію Быкава, Барадуліна, проста не ў стане былі зрабіць, тым больш за мяжой.

— Некаторыя беларускія пісьменнікі, калі меркаваць па некаторых публікацыях і каментарах у інтэрнэце, былі нават супраць вылучэння Алексіевіч на Нобелеўскую прэмію. Маўляў, піша яна на рускай мове, і калі атрымае прэмію, то прэмія гэтая будзе належаць не беларускай, а рускай літаратуры …

— Па каментарах у інтэрнэце ні пра што судзіць не магу, б іх не чытаю, а што да некаторых публікацый … Ведаеце, што напісалі Вільгельм Рэнтген і Філіп Ленард, нобелеўскія лаўрэаты па фізіцы, калі на прэмію вылучылі Альберта Эйнштэйна? Яны напісалі лісты ў Шведскую акадэмію, каб Эйнштэйну прэмію не давалі. І зусім не таму, што не разумелі тэорыі адноснасці (ды і прэмію Эйнштэйн атрымаў не за яе). У выпадку з Рэнтгенам гэта тлумачылася як бы прынцыповасцю, у выпадку з Ленарда— антысемітызмам, але ў аснове і перад усім была зайздрасць да сусветнай славы Эйнштэйна.

«Зайздрасць лёгка перакладаецца на ўсе мовы свету», — вось што я тлумачыў шведскім акадэмікам, калі здараліся размовы (а такія размовы здараліся) аб «небеларускай» Алексіевіч і непрыманні яе творчасці беларускімі пісьменнікамі. Дарэчы, якімі?..

Я не чуў, каб пра кнігі Алексіевіч адмоўна выказваўся хто-небудзь з найбольш аўтарытэтных беларускіх пісьменнікаў. Ні раней (Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч або Уладзімір Караткевіч), ні цяпер ( Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ці Віктар Казько).

— Але Алексіевіч сама кажа, што выхавана не беларускай, а рускай культурай …

— Якой рускай культурай? Яна жыла ў ХІХ стагоддзі?.. А ў ХХ стагоддзі ўсё ў СССР выхоўваліся адной культурай: савецкай. Іншая справа: хто і што здолеў узяць з гэтай культуры? І яшчэ трошкі з боку … Таму ў чым бы ні прызнавалася (магчыма, каб ад яе адчапіліся ) Алексіевіч, я ведаю вось што. Калі ўся руская літаратура выйшла, як сцвярджаў Дастаеўскі, з «Шыняля» Гогаля, то ўся творчасць Алексіевіч - з дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». Адамовіч — яе літаратурны хросны. Яе кнігі — развіццё асноўнай тэмы беларускай літаратуры, яны знаходзяцца ў кантэксце гэтай літаратуры і ёй належаць.

Сённяшняя заслуга Алексіевіч у тым, што яна здзяйсняе прарыў беларускай літаратуры ў літаратуру еўрапейскую.

Туды, дзе для нашай культуры, для нашай краіны ёсць сваё месца, якое доўгі час пуставала, паколькі еўрапейцам здавалася, што яго няма каму заняць. Таму Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч — гэта прэмія ўсёй нашай літаратуры, якая даўно яе заслужыла. Хоць бы таму, што менавіта намаганнямі нацыянальнай літаратуры сфармавалася хай пакуль не ўздужэлая, але ўсё ж нацыя. І хай не адразу, паступова, але яна таксама зойме сваё месца ў сям'і еўрапейскіх народаў.

— Але ў выпадку гэтай перамогі месца ў спісе нобелеўскіх лаўрэатаў зойме ўсё ж такі Алексіевіч, а не Быкаў, не Барадулін, не вы …

— Дарэмна спрабуеце распаліць ўва мне пачуццё зайздрасці — я не Рэнтген.

Так, ідэальным варыянтам была б Нобелеўская прэмія Васілю Быкаву. На жаль, гэтага не здарылася.

Як не здарылася гэтага і пры вылучэнні на Нобелеўскую прэмію Рыгора Барадуліна. Але яны вылучаліся нездарма, бо дапамога Святлане, дапамаглі. Падрыхтавалі для яе ў Стакгольме беларускую глебу. Зразумела, нічога б гэта не дало, калі б сама Алексіевіч не заслугоўвала прэміі. А яна яе заслугоўвае. І калі (дай Бог!) усё на гэты раз складзецца, здарыцца, то прэмію атрымае таленавітая пісьменніца, якая стварыла літаратурныя тэксты высокага ўзроўню.

Дзмітрый Копаль

nn.by, naviny.by