Уладзімір Някляеў: Турма

1
Цяпер, калі ты не са мной,
Не на плячы маім, не побач,
З турмой я засынаю ў поўнач
І прачынаюся з турмой.
З турмы ў турму пішу лісты:
«Каханая мая! Святая!..».
І што не прачытала ты —
Турма ўначы са мной чытае.
Збірае ўсе да аднаго
Мае маленні, таямніцы,
І тое сніць са мной, чаго
Табе ніколі не прысніцца.
Я цалаваўся з ёю ў сне,
Яна ў маіх абдымках спала!
«Ты закахаешся ў мяне!» —
Турма мне горача шаптала.
І не было такога сна,
Каб у якой нары ваўчынай
Табой не снілася яна
І не была маёй жанчынай.
У пошуках уцех начных
Яна мяне ва ўсіх эпохах
Цягала тайна па сваіх
Скляпеннях,
сутарэннях,
лёхах.
І ўсё, што бачылі яны,
І ўсё, што чулі сярод ночы,
Турма ў мае ўплятала сны,
Якімі засціла мне вочы.
І голасам тваім турма,
Душу мне змучыўшы да болю,
Шаптала, што пішу дарма
Лісты
з няволі
у няволю.
<…>
4
Мне ад Турмы ў турме нідзе
Няма ні сховы, ні збавення,
Паўсюль знаходзіць — і вядзе
У склепы,
лёхі,
сутарэнні.
У сутарэннях — цэлы свет:
Героі... здраднікі... сексоты...
Яны мяне пыталі: «Хто ты?».
Турма адказвала: «Паэт».
«Сексот ён,
здраднік,
ці герой? —
Пыталі здані. — Наш ён? Твой?..
А што паэт, дык нам не дзіва!»
Турма казала: «Ён са мной», —
І здані ўкленчвалі пачціва.
«Ты маніш!» — я крычаў. «Маню? —
Турма пытала. — Не мяне ты
Хіба кахаеш?.. Ах, паэты!..» —
Яна ўздыхала, і шкілеты
Ківалі, доўжылі гульню.
Іх тысячы, мільёны іх
У павуцінні, пыле, цвілі,
І ў іх патыліцах — ва ўсіх! —
Чарнелі дзіры.
Іх забілі.
«За што, Турма?..»
«Ты не ў мяне
Пытайся, а ў суддзі ці ў ката...»
І здані ўсе крычалі: «Не!
Турма ні ў чым не вінавата!»
Яны сцялілі нам кілім,
На ім, не знаючы спатолі,
Кахаўся я з Турмой і Воляй,
І ўжо не помніў:
дзе я?.. з кім?
І ўсё было мне шалу мала,
І ў шале тым у міг любві
Турма ці Воля прашаптала:
«Адна з нас лішняя. Забі!». <…>
8
Ах, Воля, Воля! Яска, Яска!
У снах маіх струменіць ласка
Твая — між пальцамі ручай...
Прачнуся:
Ноч.
Турма.
Адчай.
І чую: «Ты не прыручай
Турму — яна цябе прыручыць!
Спачатку прадаваць навучыць,
А потым забіваць!..»
Не ты
Казала гэта, з пустаты
Быў голас, з дальніх сутарэнняў,
Дзе я блукаў між зданяў, ценяў,
Ужо прыручаны Турмой,
Якая зданям: «Ён са мной», —
Кідала, і яны кілім
Сцялілі мне,
Турме і Волі...
«З Турмой ты можаш быць нікім,
Ты з ёй... ты ў ёй... таго даволі, —
Той голас доўжыў. — Век ад веку
Турма найперш у чалавеку
Ламае не хрыбет, а дух».
Я адчуваў: цяпер мы ўдвух...
«Так, — ён казаў, — я ў той праклятай
Каменнай камеры дзявятай
На верхніх нарах, як і ты
Гібеў... Я рваўся з нематы
З той моваю, што даў нам Бог,
Што не жыве ў нас, а начуе,
І я не вырваўся, не змог!
Ты зможаш, калі Бог пачуе,
Як знойдзеш,
што сказаць Яму...»
9
Тайком, на вуха, аднаму
Я ўсё сказаў Яму... Ці мала,
Раз голас той, бы ў сэрцы джала,
Не вырваць — што з ім ні рабі?
Раз Воля ці Турма сказала:
«Адна з нас лішняя. Забі!».
Каго?..
Ні мне, ні ветру ў полі
Няведама —
не знаем мы:
Навошта нам турма без волі?
Навошта воля без турмы?
Бо ёсць адно — як ёсць другое,
Як дым з агнём,
агонь з вадою,
Які шалее без вады,
Як толькі тое дарагое,
Што страчанае назаўжды.
Як тая ноч... той ранак... дотык...
Як Бога шэпт на вуха ўпотай...
Як голас, у якога: «Хто ты?» —
Пытаюся, а мне ў адказ
Ручай між пальцамі — і праз
Глухія сцены чую глуха
Не шэпты Бога мне на вуха,
А стогны з дальніх, цёмных лёхаў,
З усіх вякоў, з усіх эпохаў,
І плач, і енк, і крык нямы
З абдымкаў волі і турмы!
10
Турма ў турме — і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разняты з моваю сваёй.
Ён тут. Загнаны ў самы дальні
І цесны лёх, у змрочны кут,
Ён тут са мной у катавальні,
Са мной на допытах ён тут.
І калі кат мяне катуе,
І боль дратуе нажавы,
Крывіцкі дух мяне ратуе,
Хоць сам ад болю ледзь жывы.
Як ён Турме не даспадобы!
Яна каля яго заўжды
У чорным, нібы ў дзень жалобы,
Бурносе, нібы ў халады.
Змушае жыць каля парашы
На крапіве і лебядзе,
Не дакладзе паўмісы кашы,
На лусту хлеба абкрадзе.
Найлютаму аддасць канвою,
Каб той зламаў,
скруціў у рог!..
Ён дух... ён вольны... ён з Турмою,
Са мною б развітацца мог.
Але ў падменным і падманным,
Кайданным і закратаваным
Турэмным свеце, у лайне
Мой дух з хрыбтом пераламаным
Не пакідае ўсё ж мяне!
Ён сам абраў такую долю:
Цягнуць мяне з ярма, з дзярма, —
І ненавідзіць больш, чым Волю,
Яго
раўнівая Турма. <…>
14
О, Божа! Толькі аднаму
Табе
магу сказаць такое!
Народу — нельга! Ён — святое!
Яго нічым не зачапі!..
— Як хочаш піць — бяры і пі,
Іначай смагу не спатоліш, —
Той голас доўжыў. — Так і з воляй!
Як хочаш волі, дык бяры
Яе аберуч! І памры,
Але трымай яе аберуч!
Хай рыкае драпежным зверам,
Рве жылы, пырскае крывёй —
Пі кроў яе! Яна тваёй
Крывёю стане! І ніколі
Ты ўжо не зможаш
жыць без волі!..
15
І піў, не знаючы спатолі,
Я кроў тваю! Кіпела ў ёй
Каханне, пырскала крывёй,
Сцякала па грудзях, якія
Я цалаваў, і па клубах,
Якія абдымаў, і ў пах
Струменіла з клубоў, і тыя,
Акругла-пругкія, літыя,
Як рыбы, то нырца давалі
Да дна жыцця, то, як дзве хвалі,
У вышыню ўздымалі, дзе
Няспраўджанае ў чарадзе
Чакае спраўджання, дзе вечны
Шлях семені, што ў небе Млечны,
А ў нетрах вулканічны шлях:
Шлях лавы, магмы, плазмы…
«Ах!..» —
Ва ўлонне!.. і глыбей!.. і болей!..
Каб Воля нарадзіла Волю!..
З крыві і болю!.. тут!.. пры мне!.. <…>
20
«Ты будзь маім, маім, маім,
Са мной, адзінаю, адзіным...» —
Шыпела голасам змяіным
Турма...
Дык не яна на дзідзе
Круцілася?!.
«Хай Воля прыйдзе!» —
Крыкнуў я…
І ўсю ноч Турма
Шаптала мне: «Яе няма...
Яе ніколі ўжо не будзе,
Бо ты прабіў ёй дзідай грудзі
І вырваў сэрца, выпіў кроў...
Цяпер ты вольны... Рык звяроў,
Крык птушак гэткі самы вольны,
Як ты, як дух твой неспатольны,
Што прагне волі зноў і зноў...».
21
«Праз волю я згубіў любоў?
Праз волю загубіў паэта?..»
«І не шкадуй, згубіўшы гэта
І ўсё, што згубіш, — доўжыў дух. —
Ніякіх страт, ніякіх скрух
Не бойся! Бо нічога болей,
Чым кроў, пралітая за волю,
Няма чысцей,
няма свяцей.
І кроў старых, і кроў дзяцей,
І кроў каханых волі варта!..»
<…>
24
Нябесны Ойча! Той праклён
На ўсе вякі? Такі наш кон:
Згубіць сваё і жыць з чужога?..
Такі наш лёс
па волі Бога?
Дом,
што не воляю сваёй
Пастаўлены,
стае турмой!
Турма — не сцены.
Для турмы
Не камяні сабраны. Мы.
Мы — краты і ключы астрога.
Без волі Бога быць нічога
Не можа! Волас не ўпадзе
Без волі Бога!..
На Судзе
Ахвяры злічаць, згубы, страты,
Спытаюць: «Хто ў тым вінаваты?..».
Ніхто, ніхто! Турма і каты
Не вінаваты!
Доля… Крыж...
Турмой і Воляю
паміж
Ударыў я! Паміж вякамі,
Што выціскалі волю з нас,
З якіх крывёю ліўся час
І глінай застываў, пяскамі,
Ставаў балотамі, а намі —
Ніяк, ніяк, ніяк, ніяк!..
І з прорвы часу быў мне знак:
Вякі рассунуліся, як
У парадзіхі дол — і ў доле
Я ўбачыў немаўлятка:
Волю!
<…>
25
Сцяна між намі межавая —
Турэмная сцяна. Ах, Яска!
Даруй, даруй мне, калі ласка,
Сцяну! Вы, камяні ў сцяне,
Даруйце мне, даруйце мне!
Вы ў садзе камянёў маглі
Ляжаць — ды воля на зямлі
Альбо свая, альбо чужая!..
Яна ў вязніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расце, але мужае,
І разам з ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба —
Нічога болей!..
Гэты дым,
Які чапляецца за неба
І растае высока ў ім…
25–31. 12. 2010, унутраная турма КДБ
Надрукавана ў "Літаратурнай Беларусі" № 12 (64)
Цалкам паэму можна прачытаць у снежаньскiм «Дзеяслове» №6, 2011