Уладзімір Някляеў вылучаны на Нобелеўскую прэмію

Такое рашэнне прыняў агульны сход ПЭН-цэнтра.
Прапанову вылучыць Уладзіміра Някляева на прэстыжную літаратурную прэмію выказаў паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
Сход, які адбыўся 17 лютага ў Менску, аднагалосна ўхваліў прапанову. Радзе арганізацыі даручана паспрыяць перакладу на замежныя мовы рамана «Лабух» і кнігі апавяданняў «Цэнтр Еўропы», выдадзеных у апошнія гады.
Уладзімер Някляеў — аўтар двух дзясяткаў кніг паэзіі і прозы. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Пайшоў у палітыку, балатаваўся ў прэзідэнты, у выніку чаго ад 19 снежня трапіў у турму і дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Старшынём ПЭН-цэнтра пераабраны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Ягонай першай намесніцай стала Марыя Мартысевіч.
ПЭН-Цэнтр — гэта аб’яднанне пісьменнікаў і журналістаў, частка міжнароднага ПЭН-Клуба, які паядноўвае цэнтры розных краін. Скарот «ПЭН» утварыўся ад першых літараў англійскіх словаў «poets, playwriters, essayists, editors, novelists» — паэты, драматургі, эсэісты, рэдактары, раманісты. У Беларусі сярод стваральнікаў ПЭНа былі Быкаў, Барадулін, Шэрман, Брыль.