Уладзімір Някляеў выйшаў на волю пасля сямі сутак арышту

Паплечнікі, актывісты, журналісты, якія сабраліся пад турэмнымі мурамі на завулку Акрэсьціна, сустрэлі вязьня воклічамі «Жыве Беларусь!». Спадар Уладзімер абняў жонку Вольгу і паскардзіўся, што не далі зьявіцца перад ёй прыгожым — забаранілі пагаліцца. «Не маглі абысьціся без падлянкі нават у апошні дзень», — пажартаваў ён.

Сказаў, што з турмы заўсёды радасна выходзіць, але агульны настрой ня вельмі добры. Паводле яго, ад сваіх рэгулярных арыштаў улады чакаюць, што калі-небудзь «выцягнуць паэта наперад у белых тапках». І дадаў: каб у адзін зь дзён кроў пайшла не носам, а ў мозг, іх мара, магчыма, і збылася б.

«Зноў пераканаўся, што мы жывём у паліцэйскай краіне, і з гэтым трэба змагацца. Заклікаю ўсіх беларусаў не сядзець па дамах, а быць сапраўднымі грамадзянамі», — сказаў па выхадзе зь вязьніцы Ўладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў расказаў некаторыя падрабязнасьці свайго затрыманьня. На 9.50 раніцы 15 верасьня ў яго быў талён да лекара. Яго схапілі па дарозе ў клініку, дакладна ведаючы, куды і ў колькі ён будзе накіроўвацца. Ён паведаміў, што судзьдзя Савецкага райсуду Фёдарава адмовілася даць яму магчымасьць далячыцца, а ўжо потым адбыць арышт.

У зьняволеньні Някляева найбольш абурала, што яго фактычна абяззброілі, не дазволіўшы карыстацца алоўкам.

«Прасіў да апошняга, але безвынікова. Гэта сапраўднае псыхалягічнае катаваньне», — падсумаваў Някляеў.

Таксама палітык сказаў, што яму не далі магчымасьці напісаць у пракуратуру скаргу на дрэнныя побытавыя ўмовы ў камэрах ізалятару.

Паводле Радыё Свабода