Уладзімір Сіўчыкаў выступіў у Жодзіне

Выступае Уладзімір Сіўчыкаў

«Меркавалася імпрэза найперш як прэзентацыя маіх сёлетніх, апошніх па часе выхаду кніг “Кошык Велікодны” (вершы дзецям) і “Уладзевы гісторыі” (кароткая проза), але навуковы супрацоўнік Музея Віктар Аўчарэнка паводле свайго сцэнарыя разгарнуў яе ў мой жыццёва-творчы партрэт», — кажа аўтар.

Выступілі: дырэктарка Музея Ірына Супрановіч, колішні першы настаўнік аўтара і яго цёзка Уладзімір Мікалаевіч Макараў, трэнер Міхал Зяленавіч Элімелах (які, дарэчы, выгадаваў на вадасховішчы на Плісе некалькіх чэмпіёнаў свету па веславанні), літаратарка Галіна Іванаўна Аніскевіч.

Сябар спадара Сіўчыкава Алесь Казак паспеў намаляваць і падарыць выступоўцам сяброўскія шаржы. Стрыечная сястра аўтара Валянціна Крывенка падзялілася ўспамінамі пра пісьменніка, а жонка Раіса Шастак гаварыла найбольш пра супольную выдавецкую дзейнасць.

«Натуральна, дэкламаваў я творы са сваіх кніжак, а таксама з перыёдыкаў — часопісаў “Вясёлка”, “Дзеяслоў”, а таксама “Бярозка”, у якой працаваў у залаты адраджэнскі час — напрыканцы васьмідзясятых-напачатку дзевяностых гадоў, нагадаў прысутным, што сабраліся мы падчас Асянінаў — Восеньскіх Дзядоў, адказаў на пытанні сваіх землякоў», — распавядае Уладзімір Сіўчыкаў.

Музычнай аздобаю вечарыне сталіся спевы (“Простыя рэчы”, “Калыханка” і “Зялёныя рукавы”) у выкананні Ксеніі Стрыжэцкай пад акампанемент гітары.

Ад імя грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” найбольш актыўныя гледачы атрымалі ў падарунак цішоткі, а таксама кнігі з новай выдавецкай серыі “Мая беларуская кніга”. Адбылася аўтограф-сесія аўтара.

 

Прыемным бонусам для прысутных (30—35 чалавек) стала бясплатная экскурсія па музеі, дзе ці не найбольш гарачыя водгукі выклікала зала прыроды з некалькімі дзясяткамі пудзілаў птушак і жывёл жодзінца-таксідэрміста Генадзя Пузанкевіча.

budzma.by